Улады хочуць перанесці шэсце да ўгодак Слуцкага чыну з цэнтра



Слуцкі райвыканкам прапанаваў новы маршрут шэсця на адзначэнне гадавіны Слуцкага збройнага чыну, абгрунтаваўшы неабходнасць размяшчэннем арганізацыяў гандлю і рамонтам музея.

Угодкі Слуцкага збройнага чыну плануецца адзначцць 25 лістапада. Сярод заяўнікаў мерапрыемства старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрый Меляшкевіч, сябра Сойму Партыі БНФ Павел Батуеў і сябра Рады Руху «За Свабоду» Вольга Быкоўская.

«У сувязі з рамонтам краязнаўчага музея, размяшчэннем арганізацыяў гандлю мы прапануем іншае месца збору», — сказаў кіраўнік аддзела па ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама Міхаіл Верабей Вользе Быкоўскай.

Па прапанове райвыканкама ўдзельнікі могуць сабрацца на стаянцы ля гарадскога стадыёна, заезд з боку вуліцы Віленскай, прайсці шэсцем па ходніках да парку і правесці там мітынг. Графік застаецца, як указана ў заяўцы: 14.30 збор, мітынг да 16.00.

Такім чынам, месца правядзення дэманстрацыі застаецца тым жа, але райвыканкам прапануе перасунуць шэсце з цэнтра горада.

„Я выступаю супраць гэтай прапановы. Мясцовая ўлада адмыслова стварае праблему на месцы збору. Спрабуе схаваць шэсце, каб акцыя прайшла незаўважна для жыхароў горада”, – пракаментаваў рашэнне ўладаў абласны каардынатар Руху „За Свабоду” Віталь Амяльковіч.

Паводле pyx.by