Ларыса Шчыракова: Я трымала абарону, колькі магла



Гісторыя жыцця і прафесійнай дзейнасці гомельскай журналісткі-фрылансера Ларысы  Шчыраковай уразіла беларускіх і замежных журналістаў. Яна васямнаццаць разоў за апошнія тры гады прыцягвалася да судовай адказнасці штрафамі, зведала псіхалагічны ціск, у яе нават пагражалі забраць сына.

Ларыса Шчыракова супрацоўнічае з незалежным тэлеканалам “Белсат”, супрацоўнікі якога сёлета зведалі найбольшы ціск у Беларусі.

Сваю гісторыю супраціву ціску беларускіх уладаў на яе і сям’ю незалежная журналістка распавяла на міжнароднай фрылансерскай канферэнцыі, якая адбылася ў Менску. У сваю чаргу  замежныя журналісты паабяцалі ёй моцную падтрымку і салідарнасць, а французскія журналісты нават прапанавалі супрацу.

Як кажа Ларыса Шчыракова, увесь гэты ціск, які яна зведала ад беларускіх уладаў, добра сапсаваў ёй здароўе. Таму яна вырашыла змяніць свой від дзейнасці, але ўсё ж застацца ў прафесіі.

– Найгалоўнейшая праблема для журналіста-фрылансера, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, – гэта пераслед. І ён мае розныя формы – гэта і міліцэйскі пераслед, судовы, псіхалагічны ціск. Васямнаццаць разоў мяне асудзілі па артыкуле 22.9 “Незаконны збор і распаўсюд інфармацыі”. Пасля былі шматлікія затрыманні. Былі спробы перашкодзіць мне наогул выйсці з хаты. Наступае той час, калі чалавек не можа трываць такі працяглы псіхалагічны ціск, калі хочацца проста спакойнага жыцця для сваёй сям’і. Я проста не ведаю, як яшчэ супраціўляцца, як захаваць  псіхалагічны спакой і раўнавагу. Колькі магла я трывала. Я трымала абарону, але ўжо больш не магу. Бо іншым разам гэта на псіхіку вельмі ўплывае.

Паводле Ларысы Шчыраковай, у яе самыя вялікія спадзяванні на міжнародную падтрымку. Замежныя журналісты заўжды пранікаюцца  праблемамі беларускіх журналістаў і нават збіраюць асабістыя сродкі на сплату штрафаў. Міжнародная салідарнасць адчуваецца вельмі моцная.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара