Пракурор запытала для Віё штраф і прапанавала вызваліць



На разглядзе крымінальнай справы, які праходзіць у гомельскім судзе, 24-гадовага грамадзяніна Францыі Жалана Віё, затрыманага на мяжы з адным патронам, дзяржабвінаваўца заявіла, што віна замежніка даказаная. Яна папрасіла пакараць яго па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса штрафам на агульную суму 300 базавых велічынь (6.900 рублёў) і вызваліць у зале суда.

Жалан Віё абвінавачваецца па ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў і перамяшчэнне іх праз мяжу).

Пракурор адзначыла, што грамадзянін Францыі, „маючы намер”, набыў у неўстаноўленым месцы ў неўстаноўленай асобы патрон, які з’яўляецца боепрыпасам. „У працяг злачыннага намеру” ён захоўваў і перавозіў патрон. Паводле яе слоў, ён жа меў намер на перамяшчэнне боепрыпаса праз мяжу Мытнага саюза.

Сваю віну ў судзе грамадзянін Францыі не прызнаў. Разам з тым прадстаўнік пракуратуры лічыць, што віна Жалана Віё па абодвух артыкулах даказаная, у тым ліку сведак і рэчавымі сведчаннямі, заключэннямі экспертаў. Дзяржабвінаваўца адзначыла, што ў працы мытнікаў былі недахопы. Але, на думку супрацоўніка пракуратуры, Віё не падаў дэкларацыю і не звярнуўся да супрацоўнікаў мытні па тлумачэнні парадку праходжання мяжы і мытні.

Пракурор лічыць, што доказаў па справе дастаткова. Разам з тым дзяржабвінаваўца прасіла суд выключыць з артыкула 295 КК частку „незаконнае набыццё”, а артыкул 333-1 КК фармуляваць як „перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза”. Пракурор дадала, што абвінавачваны раскайваецца, мае добрыя характарыстыкі.

Падчас абвяшчэння матэрыялаў справы ў судзе прагледзелі запіс з відэарэгістратара мытніка, на якім бачна, як замежнік сам дастаў патрон і паказаў яго правяраючым. На пытанне „Ці ёсць забароненыя да перамяшчэння прадметы?” француз заявіў, што ў яго „ёсць сувенір, падобны на кулю, які даў сябар з Польшчы”.

belapan.com