Нацменшасці Польшчы просяць Еўракамісію іх абараніць



Нацыянальныя меншасці Польшчы пачалі збор подпісаў пад петыцыяй, якая заклікае Еўрапейскую камісію выпрацаваць заканадаўства ў абарону нацыянальных меншасцяў у краінах Еўразвязу. Ініцыятыва належыць прадстаўнікам нямецкай меншасці ў Польшчы.

Сёння да ініцыятывы далучыліся і беларусы, кажа намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку Васіль Сегень:

– Нямецкая меншасць звярнулася да беларускай меншасці з просьбай падтрымаць гэтую ініцыятыву. Мы, як Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, папрасілі самакіраванні, там дзе пражываюць беларусы, разаслалі ім інфармацыю і просьбы збіраць подпісы. Хто хоча падпісацца, звяртайцеся да гмінаў, куды мы гэта разаслалі. Звяртайцеся, кажыце, што ёсць такая ініцыятыва, і што вы хочаце падпісацца.  

Подпісы таксама можна паставіць у сядзібе БГКТ у Беластоку. Працэсы, якія апошнім часам адбываюцца ў Польшчы ды іншых краінах Еўропы, выклікаюць непакой:

– Сітуацыя вакол нацыянальных меншасцяў робіцца вельмі складаная, можна нават сказаць не перабольшваючы небяспечная, асабліва для прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Гэта такі напрамак пошуку нейкага паратунку ў структурах Еўразвяза, каб там шукаць нейкіх прававых вырашэнняў, прававой бяспекі нашага існавання ў Польшчы, або іншай еўрапейскай краіне.  

Каб падпісаць петыцыю ў абарону нацыянальных меншасцяў трэба звярнуцца ў самакіраванне мясцовасці, дзе пражываюць беларусы. Да канца студзеня наступнага года неабходна сабраць 50 тысяч подпісаў, якія будуць накіраваныя ў Еўрапейскую камісію.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя