Нацыянальны саюз журналістаў Украіны патрабуе вызваліць Паўла Шаройку
Нацыянальны саюз журналістаў Украіны патрабуе вызваліць затрыманага ў Беларусі карэспандэнта „Украінскага радыё” Паўла Шаройку.
Як паведаміў кіраўнік саюза Сяргей Таміленка, арганізацыя накіравала афіцыйныя запыты ў пасольства Беларусі ва Украіне і пасольства Украіны ў Беларусі. Таміленка заклікаў міжнародную супольнасць далучыцца да патрабаванняў аб вызваленні журналіста.
Паводле інфармацыі Таміленкі, Павел Шаройка быў затрыманы ў Менску яшчэ 25 кастрычніка. У той жа дзень у здымнай кватэры, дзе Павал жыве з жонкай і дачкой, быў праведзены вобыск. Затрыманне правёў Камітэт дзяржбяспекі Беларусі. Аднак у КДБ сітуацыю не каментуюць.
Па неафіцыйнай інфармацыі, журналісту выстаўленае абвінавачанне ў шпіянажы. Вядома, што ўраджэнец Кіева Павал Шарэйка навучаўся ў Львоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні і раней ачольваў прэс-службу начальніка Галоўнага Кіравання Выведкі Мінабароны Ўкраіны.