Алесь Зарэмбюк: Усім беларусам варта супольна бараніць імя Тарашкевіча



Вырашаецца пытанне вуліцы імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. Стваральнік беларускай граматыкі, закатаваны НКВД у 1938 годзе, Тарашкевіч мае стаць ахвярай дэкамунізацыі, якая праводзіцца ў Польшчы. Беларускія гісторыкі прызнаюць, што асоба Тарашкевіча – не адназначная, і што ён быў камуністам, аднак пры гэтыя быў патрыётам Беларусі ды імкнуўся да незалежнасці краіны.

Паводле сустаршыні Беларускага дома ў Варшаве Алеся Зарэмбюка, у гэтай сітуацыі ўсім беларусам варта супольна бараніць імя Тарашкевіча:

— Безумоўна беларуская грамада і беларуская меншасць у Польшчы, а да гэтага і дыяспара павінна далучыцца, каб бараніць назву гэтай вуліцы. Браніслаў Тарашкевіч усё ж быў дэпутатам польскага Сейма Другой Рэчы Паспалітай, і, на вялікі жаль, вельмі трагічна скончыў па сваім вяртанні ў Беларусь, быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі.

Алесь Зарэмбюк звяртае ўвагу на тое, што ў сучаснай грамадска-палітычнай сітуацыі тым больш важна бараніць вуліцу імя стваральніка беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча:

Зараз, калі з Усходу адбываецца, працягваецца ўжо не адно дзесяцігоддзе і стагоддзе русіфікацыя Беларусі, калі ў Беларусі пастаянна робяць героямі напрыклад Аляксандра Суворара. Мы павінны разам з палякамі ўсё ж нашых герояў і асоб, якія важныя для нашых краін, і для Беларусі, і для Польшчы, – выпрамоўваць.

Таксама стала вядома, што Інстытут Нацыянальнай Памяці ў Кракаве цяпер “вывучае” біяграфію Якуба Коласа, каб вырашыць, ці падлягае Колас дэкамунізацыі. Прыгадаем, што ў Гайнаўцы на Падляшшы, каля будынка Беларускага музея ёсць дзве невялікія вулачкі імя беларускіх паэтаў – Якуба Коласа ды Янкі Купалы.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя