Старшыня Рады БНР віншуе суродзічаў з угодкамі Слуцкага збройнага чыну



Дарагія суродзічы!

У лістападзе шмат якія народы ўшаноўваюць памяць сваіх герояў. Прыкладам, а 11-ай гадзіне 11-га дня 11-га месяца ўся Канада аддае пашану хвілінай маўчаньня сваім змагарам. Ад прадстаўнічкі каралевы да ветэранаў і звычайных грамадзянаў, старыя і маладыя, з удзячнасцю прыгадваюць суайчыннікаў, якія аддалі жыццё на алтар Бацькаўшчыны. Ускладаюцца вянкі на магілах невядомых жаўнераў і паўсюль адбываюцца адпаведныя абрады.

Беларускі народ да нядаўняга часу не ведаў – бо было забаронена ведаць – пра сваіх першых герояў першай у ХХ стагоддзі беларускай дзяржавы, нашых слаўных Случчакоў, якія ў 1920 змагаліся за Беларускую Народную Рэспубліку. Толькі ў вольным свеце беларусы пра іх ведалі і з удзячнасцю іх ушаноўвалі ў канцы лістапада.

У гэтым 2017 годзе ў Беларусі яшчэ ўсё трэба прасіць дазвол у гарадскіх управах, каб магчы ўшанаваць іх памяць.  І паколькі ніколі невядома, у якой ступені “чалавечкі ў цывільным” дазволяць спакойна адзначыць Дзень Герояў, выходзяць на вуліцы не дзясяткі тысяч, а толькі пару сотняў удзячных патрыётаў.

Дарагія суродзічы! Віншую вас сёння ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з гэтай вялікай падзеяй у жыцці нашага народа – Слуцкім збройным чынам.

Успомніце з удзячнасцю тых дзесяць тысяч Герояў, якія хацелі вас абараніць ад надыходзячага захопніка-чужынца. Яны гэтага заслужылі.

Вечная ім памяць!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла,

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі