Лукашэнка не паедзе ў Брусель
Беларускую дэлегацыю на саміце «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Бруселі 24 лістапада, узначаліць міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, паведаміў журналістам прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Шупляк.
„Беларускім бокам з падзякай успрынята запрашэнне наведаць саміт на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, што адлюстроўвае прагрэс у адносінах Беларусі з ЕЗ і пераход, пасля доўгага перыяду рознагалоссяў, у новы стан ўзаемадзеяння з ЕЗ як вельмі важным суседам, партнёрам па рашэнні пытанняў міжнароднай бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне і па пашырэнні гандлёвага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння краін ЕЗ з Беларуссю”, – адзначыў прадстаўнік МЗС.
„Беларусь зацікаўленая ў працягу ўдзелу ва «Усходнім партнёрстве» ЕЗ, якое мусіць стаць відавочна карысным для грамадзян Беларусі і ЕЗ, палегчыўшы ўмовы вядзення бізнесу, кантакты паміж людзьмі, сувязі ў розных сферах, падвысіўшы ровень аб’ектыўных ведаў адно пра аднаго”, – дадаў Андрэй Шупляк.