Хто зацікаўлены ў “шпіёнскім скандале”?



Пра свае версіі распавядае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Як вядома, не так даўно быў затрыманы ўкраінскі журналіст Павел Шаройка, якому ў Беларусі прад’яўлена абвінавачанне ў шпіянажы.

Анатоль Лябедзька: На фоне роўных і нават пазітыўных стасункаў паміж беларускім і ўкраінскім прэзідэнтамі гэты скандал выглядае дзіўным. Толькі ў гэтым годзе паміж Лукашэнкам і Парашэнкам адбылося некалькі асабістых сустрэч (апошняя не так даўно прайшла ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах). І тут, магчыма, беларускі кіраўнік атрымаў “вымову” ад Крамля і мусіць кампенсаваць такімі дзеяннямі незадаволенасць Масквы.

РР: Своеасаблівы пошук балансу?

Анатоль Лябедзька: Так. Маўляў, з аднаго боку мы імкнемся развіваць стасункі ў эканамічнай і культурнай сферы з Украінай, але разам з тым памятаем пра нейкія хаўрусы з Расеяй. Спроба беларускіх уладаў збалансаваць добрага паліцэйскага і дрэннага можа быць адной з версій “шпіёнскага скандалу”. Другая версія, як і ва ўсіх сцэнарах, – гэта расейскі след. Не выключана, што, каб атрымаць дазвол ад Масквы на паездку ў Брусель на саміт “Усходняга партнёрства”, беларуская ўлада мусіць выканаць нейкую абавязковую праграму. У Бруселі беларускі кіраўнік (калі паедзе туды) можа сказаць прыкладна так: дзе б я не знаходзіўся, заўсёды памятаю, хто наш адзіны хаўруснік, і гэта пацвярджаецца канкрэтнымі дзеяннямі. Таму антыўкраінская зачыстка беларускай прасторы можа прымяркоўвацца альбо да паездкі Лукашэнкі на саміт ў Брусель, альбо, каб збалансаваць тыя пазітыўныя дачыненні, якія ёсць у беларускіх уладаў з Парашэнкам. Так ці інакш, але сітуацыя ў любым выпадку звязаны з Расеяй.

РР: Ці можа пагоршыць гэтая сітуацыя беларуска-ўкраінскія стасункі?

Анатоль Лябедзька: Безумоўна, бо Украіна – гэта не толькі Парашэнка. Гэта і парламент, і дастаткова моцная грамадзянская супольнасць, і СМІ, і грамадская думка… Гэта не беларуская манаполія, дзе зусім няма альтэрнатывы. Таму ва Украіне адназначна будзе негатыўная рэакцыя на тое, што адбываецца ў Беларусі. Гэта інвестыцыя ў пагаршэнне стасункаў з Украінай. Адным словам, улады зрабілі афіцыйнаму Кіеву крок наперад і амаль адразу ж – некалькі крокаў назад.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя