Ці стане “Белая Русь” партыяй?



Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавядае пра магчымасць стварэння праўладнай партыйнай структуры.

У мінулым годзе кіраўнік грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Аляксандр Радзькоў заявіў, што іх арганізацыя гатова да трансфармацыі ў партыю. Праўда, пра гэта кажуць ужо гадамі, а воз застаецца на месцы да гэтага часу. Відавочна, што ўлады пакуль не даюць дазвол на такую “трансфармацыю”. Чаму?

Сяргей Калякін: Відавочна, што ёсць людзі, якія лабіруюць стварэнне праўладнай партыі, але ў той жа час бачым, што ўладу такі варыянт пакуль не задавальняе. Бо ў адваротным выпадку партыя была б зарэгістравана ў момант. Мяркую, у будучым гэта ўсё-такі будзе зроблена, але галоўнае пытанне: калі?

РР: Увогуле, ці патрэбна такая партыя вярхоўнаму кіраўніцтву?

Сяргей Калякін: Безумоўна, патрэбна, бо ва ўсім свеце палітычныя партыі кіруюць працэсамі. Яны ствараюць праграмы, у адказе за іх. Але ж у нас беспартыйная ўлада, яна практычна ні за што не адказвае. У нас няма тых, хто адказвае за правалы ў эканамічным альбо сацыяльным жыцці. Увогуле, у Беларусі самая буйная партыя – гэта бюракратычная. Яна сёння кіруе ўсімі працэсамі.

РР: А чаму пакуль не даюць “зялёнае святло” для стварэння праўладнай партыі?

Сяргей Калякін: Думаю, ва ўлады ёсць пэўныя апасенні, што партыя можа з часам стаць самадастатковай. І ў гэтым ёсць доля праўды. Калі ж структура стане моцнай, то яна пры пэўных абставінах можа нават адхіліць ад улады таго, хто яе стварыў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя