У гомельскім СІЗА памёр грамадзянін Сербіі



Серб Міраслаў Катанскі памёр 15 лістапада. Устаноўленая прычына смерці – вострая сардэчная недастатковасць.

Памерлы знаходзіўся ў СІЗА з кастрычніка па абвінавачванні ў махлярстве. Па наяўных звестках, ён і яго грамадзянская жонка «пазычылі», а пасля прысвоілі 10 000 даляраў ЗША ў афіцыйнага мужа жанчыны.

Сама сужыцелька серба распавяла, што Міраслаў Катанскі знаходзіўся ў зняволенні «прыкладна з 25 кастрычніка». У яго было слабое сэрца і ён «піў па шэсць таблетак у дзень». Прыблізна за тыдзень да смерці лекі ў яго скончыліся – пра гэта ён напісаў у лісце. Аднак аднесці перадачу жанчына ўжо не паспела – прыйшла вестка пра смерць.

Паводле яе слоў, грошы, якія сталі прычынай заключэння, былі ўзятыя не ў мужа, а ў яе стрыечнага брата. І яго ж яна вінаваціць у тым, што здарылася, апісваючы сітуацыю як вынік складаных і драматычных адносін паміж людзьмі.

«Ён, мабыць, не хацеў, каб мы яму грошы вярталі, а хацеў пакараць. Ну, пакараў – чалавек памёр», – так удава пракаментавала хітраспляценні гэтай гісторыі.

gomel.today