Белгідрамет: радыяцыйнае становішча ў Беларусі застаецца стабільным



„Па стане на 21 лістапада 2017 года, як і раней, радыяцыйнае становішча ў Беларусі застаецца стабільным” — такую заяву размясціў на сваім сайце Белгідрамет.

Інфармацыя апублікаваная ў сувязі са з’яўленнем 21 лістапада ў беларускіх СМІ са спасылкай на Расгідрамет паведамленняў пра выяўленне радыеактыўнага воблака над Еўропай з ізатопамі рутэнія-106.

Варта адзначыць, што расейскія сіноптыкі паведамілі пра павышэнне ўзроўню радыяцыі яшчэ ў пачатку кастрычніка. „З 25 верасня да 1 кастрычніка перавышэнне сумарнай бэта-актыўнасці ў пробах радыеактыўных аэразоляў і выпадзенняў фіксавалі ўсе пасты, размешчаныя ў Паўднёвым Урале”, — гаварылася ў зводцы Расгідрамета. Пасля гэтага ў шэрагу расейскіх СМІ з’явілася інфармацыя пра „магутны выкід радыяцыі”, аднак Расгідрамет і Расатам гэта не пацвердзілі, растлумачыўшы, што павышаны ўзровень радыяцыйнага фону не набліжаўся да небяспечнага.

У сённяшнім паведамленні Белгідрамета адзначаецца: „Дзякуючы высокадакладнаму абсталяванню вельмі нязначныя сляды актыўнасці рутэнія-106 былі выяўленыя толькі 3—5 кастрычніка ў пунктах назірання Браслаў і Пінск. Ніякай небяспекі для насельніцтва і пагрозы для навакольнага асяроддзя зафіксавана не было”. Пры гэтым у Белгідрамеце падкрэсліваюць, што штодня праводзяць маніторынг радыеактыўнага забруджвання атмасфернага паветра.

У Мінпрыроды Беларусі БелаПАН таксама паведамілі, што інфармацыі аб узнікненні якой-небудзь небяспекі да іх не паступала. „Згодна з дамоўленасцю паміж краінамі Беларусь і Расея ў выпадку з’яўлення небяспекі абавязаныя паведамляць пра гэта ў сваё Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і ўраду. У сваю чаргу МНС перадае інфармацыю замежным калегам. У гэтым выпадку нічога падобнага не было, і міністэрства тут цалкам падтрымлівае заяву Белгідрамета аб тым, што інфармацыя, якая з’яўляецца ў інтэрнэце і тыражуецца сродкамі масавай інфармацыі, — гэта перабольшанне”, — заявілі ў прэс-службе Мінпрыроды.

belapan.by