Расею пазбавілі этапа Кубку свету па біятлоне



Выканкам Міжнароднага саюзу біятланістаў (IBU) прыняў рашэнне не ўключаць этап у Расеі ў расклад Кубку свету сезона-2018/19. Пра гэта паведамляецца на сайце саюзу.

Каляндар Кубку свету будзе складацца з дзевяці этапаў, першы з якіх пройдзе ў славенскай Паклюцы з 3 па 9 снежня 2018 года, а апошні – у нарвежскім Осла з 18 па 24 сакавіка 2017 года. Пачаткова планавалася, што турнір завершыцца 25 сакавіка 2019 года дзявятым этапам у расейскай Цюмені.

Спаборніцтвы Кубку свету таксама пройдуць у Хохфільцэне (Аўстрыя), мясцовасці Новэ Место (Чэхія), Оберхофе, Рупольдынгу (Нямеччына), Антэрсэльве (Італія), Канморы (Канада), Солджэр Холлоў (ЗША). Чэмпіянат свету па біятлоне з 7 па 17 сакавіка прыме шведскі Эстэрсунд.

16 лістапада Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) адмовілася аднаўляць Расейскае антыдопінгавае агенцтва ў правах, паколькі Расея не прызнала існаванне дзяржаўнай допінгавай сістэмы і не прадаставіла доступ да пробаў маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі. Рашэнне пра допуск расейцаў да Алімпійскіх гульняў-2018 МАК павінен прыняць у тэрміне 5-7 снежня.

У снежні 2016 года WADA западозрыла тры дзясяткі расейскіх біятланістаў у прымяненні забароненых рэчываў. У сакавіку 2017 года Расею пазбавілі права правядзення сусветнага першынства-2021 у Цюмені з фармулёўкай „з-за неадпаведнасці краіны кодэксу WADA».

Беларускае Радыё Рацыя