Пачынаецца візіт у Беларусь дакладчыка ПАСЕ Андрэа Рыгоні



Дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па Беларусі Андрэа Рыгоні прыбудзе 22 лістапада ў другой палове дня.

Як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, падчас візіту, які будзе доўжыцца да 27 лістапада, запланаваны сустрэчы Рыгоні ў ніжняй палаце парламента, Менскім абласным і Валожынскім раённым саветах дэпутатаў. Дакладчык ПАСЕ таксама выступіць з лекцыяй у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка і прыме ўдзел у мерапрыемствах, арганізаваных Беларускай праваслаўнай царквой.

24 лістапада з удзелам Рыгоні пройдзе пасяджэнне рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання, паведаміў БелаПАН кіраўнік групы Андрэй Навумовіч. На пасяджэнне запрошаны прадстаўнікі зацікаўленых грамадскіх структур, у прыватнасці старшыня праваабарончай арганізацыі „Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алег Гулак. Журналістаў на сустрэчу не запрашаюць.

Раней Навумовіч заяўляў, што асноўная мэта візіту Рыгоні — абмеркаванне пытання смяротнага пакарання. Запрашэнне чарговы раз наведаць Беларусь было перададзена дакладчыку ПАСЕ ў кастрычніку, калі беларуская дэлегацыя знаходзілася ў Страсбургу для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі на пасяджэнні камітэта ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі.

Беларусь застаецца адзінай у Еўропе дзяржавай, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне. Заходнія палітыкі неаднаразова заяўлялі, што ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне можа стаць першым крокам на шляху ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы. У 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ, але ў 1997-м быў пазбаўлены яго пасля рэферэндуму, які захаваў смяротнае пакаранне.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі было пакарана больш за 400 чалавек, толькі адзін з прыгавораных да смяротнага пакарання быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

БелаПАН