Партыю БНФ не запрасілі на саміт Усходняга партнёрства ў Бруселі
Пра гэта паведаміў старшыня партыі Рыгор Кастусёў. Ён звязвае такое рашэнне Еўразвяза з палітычнай лініяй, якой прытрымліваецца БНФ.
– Партыя БНФ заявіла пра самастойную дзейнасць як самастойная палітычная сіла. Зрабіла такую заяву пра сваю дзейнасць да канца 20-га года. Менавіта неўваходжанне партыі БНФ у правацэнтрысцкую кааліцыю і стала той прычынай, пра што мы кажам – незапрашэння на саміт. Партыя БНФ не разглядае такія саюзы на нейкай ідэйнай глебе – гэта проста фармальнасці, выкананне чыёйсьці просьбы або чыйгосьці патрабавання, паказаць, што нібыта еўрапейскія палітычныя сілы спрычыніліся да яднання беларускіх палітычных сілаў.
У той жа час на саміт, па словах Рыгора Кастусёва, запрошаны іншыя беларускія апазіцыйныя палітыкі. Сярод іх старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі.
Саміт Усходняга партнёрства ў Бруселі пройдзе 24 лістапада. Афіцыйную беларускую дэлегацыю ўзначаліць міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя