Кароткі спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай



Журы прэміі імя Наталлі Арсенневай вызначылася з кароткім спісам прэтэндэнтаў на ўзнагароду за найлепшую кнігу паэзіі. У яго ўвайшлі:

Віктар Жыбуль „Дзяцел і дупло” Ганна Комар „Страх вышыні” Наста Кудасава „Маё невымаўля” Уладзімір Някляеў „Толькі вершы” Сяргей Прылуцкі „Патрыятызм для чайнікаў” Міхась Скобла „Камізэлька для месяца” Андрэй Хадановіч „Цягнік Чыкага-Токіё” Юлія Цімафеева „Цырк”

Пераможца будзе названы на цырымоніі ўзнагароджання, якая адбудзецца ў снежні. Пра час і месца ўручэння прэміі будзе паведамлена дадаткова.

У склад журы прэміі сёлета ўвайшлі вядомыя літаратары, перакладчыкі і літаратуразнаўцы Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Глазаў, Вальжына Морт і Ціхан Чарнякевіч.

Прэмія за найлепшую паэтычную кнігу заснаваная ў гонар выдатнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.

Усю актуальную інфармацыю можна знайсці ў фэйсбуку прэміі і на сайтах арганізатараў. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”.

Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Сёлета прэмія будзе ўручацца ўпершыню, але плануецца, што яна стане штогадовай.

Беларускае Радыё Рацыя