Эксперт: Курс беларускага рубля ў 2018 годзе будзе залежаць ад цэн на нафту



Дынаміка абменнага курсу беларускага рубля ў 2018 годзе будзе залежаць ад цэн на нафту на сусветным рынку. Такое меркаванне выказаў дырэктар форэкс-кампаніі „Альпары Еўразія” Аляксандр Сабодзін, адказваючы на пытанні БелаПАН падчас анлайн-канферэнцыі, якая 22 лістапада прайшла ў агенцтве БелТА.

Ён канстатаваў, што дынаміка сусветных цэн на нафту — адзін з істотных фактараў, якія ўплываюць на абменны курс беларускага рубля.

У 2018 годзе, мяркуе эксперт, дынаміка цэн на нафту будзе залежаць ад попыту і прапановы вуглевадароднай сыравіны і ад таго, ці дамовяцца краіны АПЕК па пытанні пралангацыі замарозкі здабычы нафты.

„Мы гэтага пакуль не ведаем. Танная нафта негатыўна ўплывае на беларускі рубель, бо адзін з асноўных артыкулаў даходу беларускага бюджэту — гэта энерганосьбіты. Чым таннейшая нафта, тым таннейшыя энерганосьбіты і тым менш валютнай выручкі атрымлівае дзяржава”, — сказаў Аляксандр Сабодзін.

Пры гэтым ён адзначыў, што калі не ўзнікне якіх-небудзь шокавых сітуацый на знешнім рынку, то попыт і прапанова на замежную валюту будуць збалансаваныя і рэзкага перакосу ў той ці іншы бок у Беларусі не адбудзецца.

„А кошт валютнага кошыка будзе расці прапарцыянальна росту інфляцыі, але не больш чым на 7%. Курс беларускага рубля будзе па-ранейшаму вызначацца рухам ключавой валютнай пары еўра/даляр і дынамікай курсу расейскага рубля”, — мяркуе Аляксандр Сабодзін.

Пры гэтым ён выказаў упэўненасць у тым, што зніжэнне з 1 кастрычніка нарматыву абавязковага продажу замежнай валюты з 20% да 10% „ніяк не паўплывае на дынаміку абменнага курсу”, бо ў Беларусі няма дэфіцыту замежнай валюты.

„Зніжэнне нарматыву сведчыць пра тое, што рынак становіцца больш стабільным і Нацыянальны банк можа дазволіць сабе знізіць гэту планку”, — падкрэсліў Аляксандр Сабодзін.

Ён выказаў меркаванне, што пры адсутнасці знешніх шокаў да канца 2017 года абменны курс складзе 2 рублі 5 капеек за даляр і 2 рублі 40 капеек за еўра.

БелаПАН