Актывіст просіць гарадзенскіх камунальшчыкаў пра асвятленне сметніц
Гарадзенскі грамадскі актывіст Анатоль Мышкевіч просіць гарадскія камунальныя службы, каб у начны час з’явілася дадатковае асвятленне для кантэйнераў раздзельнага збору смецця ў Вішняўцы.
Каб паўплываць на гарадскіх камунальшчыкаў, ён сабраў больш за 200 подпісаў жыхароў дамоў па вуліцы Індурская шаша і перадаў гэтыя подпісы гарадскім службам.
Распавядае Анатоль Мышкевіч:
– Людзі раніцай выходзяць на працу – на вуліцы яшчэ цёмна. Прыходзяць з працы – ужо цёмна. Хутка пачнецца зіма, будзе слізка. Гэта небяспечна, можа скончыцца траўмамі. Тым больш, многія людзі нават не бачаць увечары, у які кантэйнер якое смецце выкідаць. Пра гэтую праблему яны ведаюць, толькі альбо сілаў, альбо часу займацца гэтым у іх не было.
Анатоль Мышкевіч з’яўляецца кіраўніком грамадскай ініцыятывы “Гародня”, якая якраз і займаецца сацыяльнымі праблемамі жыхароў горада, і яе актывісты дапамагаюць жыхарам Фолюша і Вішняўца, Румлёва і іншых раёнаў Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня