Рыгоні: Наша канчатковая мэта — увесці Беларусь у Савет Еўропы
Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы бачыць сваёй задачай набліжэнне Беларусі да каштоўнасцяў Савета Еўропы, заявіў дакладчык ПАСЕ Андрэа Рыгоні 23 лістапада ў Менску на сустрэчы з намеснікам прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком.
Пасля чэрвеньскага дакладу ПАСЕ па Беларусі „мы павінны зарэгістраваць нейкія крокі насустрач у параўнанні з тым, што было”, сказаў Рыгоні (у дакладзе, падрыхтаваным Рыгоні, адзначалася, што, нягледзячы на паляпшэнне палітычнага клімату аж да сакавіка 2017 года, сістэматычнага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не назіраецца. — БелаПАН.).
Рыгоні звярнуў увагу на інтэнсіўнасць свайго візіту ў Беларусь, у прыватнасці, на запланаваныя сустрэчы ў рэгіёнах. „Я думаю, што гэта сведчыць аб чарговым кроку ў дачыненнях Рэспублікі Беларусь як дзяржавы з Саветам Еўропы”, — дадаў дакладчык.
„Крокі наперад робяцца ў працэсе размовы, абмену думкамі, дыскусій, — перакананы Рыгоні. — А калі кожны сядзіць у сябе дома, маўчыць, глядзіць здалёку, ніякі крок наперад зрабіць немагчыма. І мы бачым сваёй задачай набліжэнне Беларусі да стандартаў і каштоўнасцяў Савета Еўропы”. „Наша канчатковая мэта — увесці Беларусь у Савет Еўропы”, — падкрэсліў прадстаўнік ПАСЕ.
Ён адзначыў, што ПАСЕ займаецца правамі чалавека і іх абаронай. „У чэрвеньскім дакладзе мы пералічылі ўсе пазіцыі ў дачыненні да Беларусі. Мы прызналі ўсе пазітыўныя крокі, але падкрэслілі і тое, што яшчэ трэба зрабіць для дасягнення канчатковай мэты. У нас ёсць шэраг прамежкавых крокаў, але мы ўвесь час ідзем за „Палярнай зоркай” — пытаннем мараторыя на пакаранне смерцю”, — заявіў Рыгоні.
Ён таксама нагадаў, што ў час ліпеньскай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску Аляксандр Лукашэнка „пацвердзіў, што мы робім крокі, каб прыйсці да гэтай мэты”.
Дакладчык удакладніў, што са студзеня 2018 года беларускія парламентарыі будуць мець магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні ўсіх пытанняў у палітычнай камісіі ПАСЕ. „Дадзеныя рашэнні — гэта скачок іншага ўзроўню, які прадстаўлены ў нашых адносінах”, — лічыць ён.
Цяперашні візіт Рыгоні будзе доўжыцца да 27 лістапада.