Гарадзенская абласная бальніца нарошчвае экспарт медпаслуг



Гарадзенская абласная бальніца нарошчвае экспарт медыцынскіх паслуг: замежнікі ўсё часцей прыязджаюць, каб зрабіць пластычныя і малаінвазіўныя аперацыі, паведаміў намеснік галоўнага лекара абласной клінічнай бальніцы Сяргей Візгалаў.

„З пачатку 2017 года экспарт медыцынскіх паслуг у параўнанні з мінулым годам вырас у 1,2 разы, тэмп росту склаў больш за 110%. Аперблок бальніцы абсталяваны сучасным абсталяваннем, якое па якасці аказваемых паслуг дазваляе паспяхова канкурыраваць з клінікамі Расеі, а таксама Польшчы, Літвы і многіх іншых еўрапейскіх краін „, – адзначыў ён. Прыярытэтным напрамкам па аказанні экспартных медпаслуг для клінікі з’яўляецца малаінвазіўная хірургія. Укаранёны практычна ўсе сучасныя метады лапараскапічных аперацый на органах брушной поласці.

Таксама папулярная ў замежнікаў пластычная хірургія: з-за мяжы прыязджаюць у Гародню на аперацыі па карэкцыі грудзей, рук і змене формы павек. Актыўна развіваецца экспарт паслуг у дачыненні лор-паталогіі і паталогіі органаў зроку. Пры высокай якасці замежныя пацыенты выбіраюць беларускія клінікі і з-за больш нізкага ў параўнанні з замежным кошта тых ці іншых паслуг.

Геаграфія экспарту медпаслуг пастаянна пашыраецца. Часцей за ўсё прыязджаюць грамадзяне Расеі, Польшчы і Літвы. Таксама па паслугі медыкаў звяртаюцца жыхары Украіны, Іспаніі, Германіі, Францыі, Нігерыі, Казахстана і іншых краін.

У бальніцы, напрыклад, 22 лістапада праапераваны грамадзянін Польшчы. Жыхар Саколкі даведаўся, што ёсць магчымасць прайсці лячэнне ў Беларусі, падчас турыстычнай паездкі ў бязвізавую Гародню: наведванне клінікі турфірма ўключыла ў праграму знаёмства з горадам. „Для мяне важная эканомія сродкаў і часу. Калі ў Польшчы ў чарзе на аперацыю прачакаў бы некалькі месяцаў, то тут усё вырашылася ў лічаныя дні. Уражвае і ровень аказання паслуг”, – адзначыў ён.

Малаінвазіўная хірургія прадугледжвае, што падобныя пацыенты могуць быць праапераваныя сёння, а выпісаныя літаральна на наступны дзень. Такі падыход дазваляе атрымаць паслугі і замежнікам, якія прыехалі ў Гародню ў рамках бязвізавага рэжыму.

З кастрычніка 2016 года абласны цэнтр і наваколлі турысты могуць наведваць на тэрмін да 5 дзён без візы. Частка з іх прыязджаюць у Беларусь менавіта для медыцынскага і аздараўленчага турызму.

belta.by