Сямён Шапіра фармальна застаецца ў АГП



Пра вынік прыёма менскага абласнога начальніка напісаў Уладзімір Малярчук, вілейскі грамадскі актывіст у апошнім нумары газеты “Аб’ектыў”, якую ён выдае саматужна.

IMG_4325

Усе вострыя праблемы, якія спрабаваў узняць актывіст, былі Сямёнам Шапірам адкінутыя: праблема правоў чалавека ў Вілейцы, эканамічнага стану мясцовых жыхароў. Расказвае Уладзімір Малярчук:

 – Паглядзеўшы на тое, што пытанні, з якімі я прыйшоў на прыём, ён не хоча вырашаць, я вырашыў спытаць: чаму ён не працуе ў партыі? Спачатку ён разгубіўся, а пасля сказаў, што ўступаў у 1994 годзе ў Грамадзянскую партыю, а  не ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Калі людзей вывелі, і іх пабілі палкамі, то з такой партыяй яму не па дарозе. На што я адказаў, людзей пабілі праз 7 гадоў, як стварылася АГП.

Уладзімір Малярчук, як старшыня менскай абласной арганізацыі АГП, звярнуў увагу, што Сямён Шапіра не пісаў заявы пра выхад з партыі, таму фармальна ён з’яўляецца яе чальцом да гэтай пары.

Усё гэта мясцовыя жыхары могуць прачытаць у “Аб’ектыве”, які выходзіць накладам 299 асобнікаў, і ўжо адзінаццаць гадоў асвятляе вострыя тэмы жыцця трыццацітысячнай Вілейкі.

IMG_4322

Жанр публікацыяў сатырычны, лёгкі для чытання. Рэдактар Уладзімір Малярчук асабіста разносіць выданне ў асноўнае прадпрыемства горада – завод “Зеніт”. Паводле яго, газетку ахвотна чытаюць і простыя людзі, і дырэктарат, і прадстаўнікі сілавых структур.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара