Жалезная логіка
За гучнымі словамі пра прэстыж настаўніцкай прафесіі… Няма нічога, апрача гучных словаў. Безумоўна, ад школьнага настаўніка залежыць вельмі шмат. Перш за ўсё – цікавасць да прадмета. Веданне матэматыкі, хіміі, моваў… І цікаўнасць да жыцця ў шырокім сэнсе слова, хоць апошняе – выключна ад характару педагога і вучняў залежыць… А вось жыццё і бяспека вучняў па-за межамі ўрокаў у школе школы ніяк не можа тычыцца.
Безумоўна, любы нармалёвы педагог ці адміністратар (завуч, дырэктар…) не можа не адчуваць сваёй адказнасці за вучняў, не можа не шкадаваць, калі з імі здарылася штосьці дрэннае, але віна ў тым, што хтосьці зламаў нагу ці трапіў у палонку (як варыянт!), – гэта ўжо занадта! Тут павінна ўключацца адказнасць іншых дарослых… А падчас здараюцца няшчасныя выпадкі, дзе не вінаваты ніхто. Так здарылася – вось і ўсё. І здорава, калі пэўны форс-мажор мае свой хэпі-энд. Возьмем гісторыю Антона Драздоўскага, якога падчас восеньскіх канікулаў родныя не дагледзелі і адпусцілі ў такое сабе вольнае плаванне. У выніку хлопчык ледзь не патануў, але быў выратаваны выпадковым хлопчыка-мінаком – студэнтам каледжа. Шчасце, што жывы застаўся!
І ўжо нават не хацелася шукаць вінаватых, хоць упэўненасць у тым, што дзіця забяруць ад бацькоў-выпівохаў (хоць на нейкі час!), была. Вінаватых знайшлі насамрэч, але гэта былі не тата з мамай, а настаўніца трэцяга класа (яе звольнілі) 151 сталічнай школы, а таксама сацыяльны педагог і псіхолаг (яны атрымалі заўвагі).
Тым часам адзін гарадзенскі падлетак за адну ноч паспрабаваў скрасці два аўто. Не абышлося без ДТЗ – хлопец заехаў у слуп… Звольніцца ўся школьная адміністрацыя?
Дзіўны гэты свет… І логіка ў нашай дзяржавы дзіўная.