Беларусь лідзіруе ў росце спажывецкіх цэн
Беларусь з паказчыкам 1,2% заняла трэцяе месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у кастрычніку. Як раней паведамляў БелаПАН, гэта рэкордная месячная інфляцыя ў краіне з пачатку 2017 года.
Такі ж рост цэн зафіксаваны ў кастрычніку ў Казахстане і Украіне. Наперадзе апынуліся Малдова (1,5%) і Узбекістан (1,4%), сведчыць праведзены БелаПАН аналіз звестак нацыянальных органаў статыстыкі. Ніжэйшай была інфляцыя ў Азербайджане (1,1%), Арменіі, Грузіі (па 0,8%), Кыргызстане, Латвіі (па 0,7%), Таджыкістане (0,4%), Літве і Расеі (па 0,2 %). У Эстоніі цэны знізіліся на 0,2%. Традыцыйна няма месячных даных аб дынаміцы цэн у Туркменістане. Узбекістан у лістападзе ўпершыню за многія гады адкрыў падрабязную статыстыку па інфляцыі: былі апублікаваныя даныя за дзесяць месяцаў нарастаючым вынікам (месячную інфляцыю БелаПАН вылічыў шляхам параўнання з паказчыкам за дзевяць месяцаў). Да гэтага публікаваліся толькі гадавыя даныя (нярэдка з вялікім спазненнем), а інфармацыя аб месячнай (квартальнай) інфляцыі абмяжоўвалася запэўненнямі, што яна „не выйшла за межы устаноўленых параметраў”.
Па росце спажывецкіх цэн у студзені—кастрычніку 2017 года з паказчыкам 3,9% Беларусь заняла восьмае месца на тэрыторыі былога СССР (у студзені — сёмае месца з 0,9%, у студзені—лютым — дзясятае з 1,4%, у першым квартале — дзевятае з 1,7%, у студзені—красавіку — восьмае з 2,4%, у студзені—маі — сёмае з 2,7%, у першым паўгоддзі — сёмае з 3,4%, у студзені—ліпені — шостае з 3,3%, у студзені—жніўні — восьмае з 2,5%, у студзені—верасні — дзявятае з 2,7%).
Наперадзе Украіна (11,5%), Узбекістан (9,3%), Азербайджан (7,1%), Малдова, Таджыкістан (па 6%), Казахстан (5,4%) і Грузія (4,4%). У Літве цэны павялічыліся на 3,6%, у Эстоніі — на 3,2%, Кыргызстане і Латвіі — на 2%, Расеі — на 1,9%. У Арменіі зафіксаванае зніжэнне цэн на 0,9%.
Па Туркменістане даступныя даныя за першае паўгоддзе (рост цэн на 3,61%). Пры публікацыі інфармацыі за дзевяць месяцаў на сайце мясцовага дзяржкамітэта па статыстыцы адбыўся збой, які да гэтага часу не ліквідаваны.
У самаабвешчаным Прыднястроўі, які мае ўласную фінансавую сістэму, цэны павялічыліся за дзесяць месяцаў 2017 года на 9,80% (у кастрычніку — на 1,09%) (ПМР, як і Туркменістан, прыводзіць даныя з сотымі долямі працэнта).
У студзені—кастрычніку 2016 года па росце цэн Беларусь заняла трэцяе месца на тэрыторыі былога СССР (9,2%), па выніках года — таксама трэцяе (10,6%). Урад разлічвае, што ў 2017 годзе цэны павысяцца не больш чым на 9%, а намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой 23 мая заявіў, што цэны па выніках года могуць вырасці не больш чым на 5,5—6%, што стане самым нізкім паказчыкам „за апошнія 20—25 гадоў”.