Генадзь Фядыніч: Калі чакаць пары гарачай?



Восеньскія масавыя пратэсты ў Беларусі не адбыліся, хаця шмат хто з палітычных і грамдскіх актывістаў не выключаў, што яны магчымыя. Таму што эканамічная сітуацыя і ўзровень жыцця ў Беларусі істотна не палепшыліся. Аб тым, чаму людзі не выйшлі на плошчы і ці магчыма такое развіццё падзей у будучым, у размове з журналістам Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам разважае кіраўнік прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

Генадзь Фядыніч: Спачатку наконт таго,  хто марыў ці чакаў гарачай восені. Можна і далей марыць ці чакаць. Але ж трэба ў любым выпадку ведаць, чым жывуць сёння працоўныя калектывы і чым жывуць рэгіёны. Безумоўна, жыццё рэгіёнаў не стала лепшым, чым было ўвосені мінулага ці ўвесну гэтага году. Але ж там няма той крытычнай масы людзей, якія могуць заявіць аб сваіх правах. І ўлада таксама не спала ўвесь гэты час. Паглядзіце, як бы не было, тая ж інфляцыя ў Беларусі нават ніжэйшая, чым планавалася. Але гэта зусім не азначае, что сацыяльны выбух немагчымы. І ён можа адбыцца ў любы момант. Зараз пайшлі „жыроўкі” з новымі коштамі за „камуналку”. А заробак шмат у каго не такі, які дазваляе без праблемаў плаціць за паслугі ЖКГ. Усе чулі, нават ад кіраўніка дзяржавы, пра заробак у тысячу даляраў. Але ж далёка не ўсе атрымліваюць гэтыя грошы. Можа, 5-10 адсодкаў на ўсю краіну, так гэта яшчэ добра. Астатнія ж такіх грошай не зарабляюць. І няма ўмоваў іх зарабіць.

RR: Ужо, здаецца, і лічба ў 500 даляраў застаецца толькі марай?

Генадзь Фядыніч: У нас добры народ. Ён марыў, – гэта ж усім па 500. А ўсім не атрымоўваецца. Атрымоўваецца толькі тым, у каго і раней атрымоўвалася. А той, хто зарабляў 150, а то і менш даляраў у рэгіёнах, іх і зарабляе і кажа – дзякуй богу, што хоць гэта маем. А што тычыцца самой эканомікі, то як бы не казалі пра нейкі рост валавага ўнутранага прадукту, гэта не грэе душу людзей. Не разумее працоўны чалавек, што гэта такое і чаму заробак не расце, калі ВУП расце? А эканоміку не падманеш, таму што калі валавы ўнутраны прадукт расце, – больш зрабілі, больш прадалі, – і заробак павінен таксама расці.

Хачу сказаць, што калі мы супраць дэкрэту №3 змагаліся, мы таксама не адчувалі вялікай напружанасці ў грамадстве. Калі хто з палітыкаў зараз кажа, што адчуваў, гэта дарэмна, ён маніць.

RR: Але тады тысячы людзей выйшлі на вуліцу не толькі ў Менску, але, што найбольш напалохала ўладу, у правінцыі, у такіх гарадах, як Пінск, Орша, чаго не было, мабыць, з часоў перабудовы.

Генадзь Фядыніч: Зараз у Оршы змяніўся ўжо трэці мэр. Туды ўкладаюцца немалыя грошы, каб працавалі прадпрыемствы. І не толькі ў Оршы. А па-другое, улады падчас вясновых падзеяў пачалі прэвентыўныя затрыманні, каб  паказаць народу, што нельга  хадзіць на дэманстрацыі без дазволу. Нават калі вельмі цяжка будзе. Менавіта гэта адыграла ролю ў тым, што восеньскіх пратэстаў не было. Але ж я лічу, што самага галоўнага ўлада пакуль не зрабіла. Не зрабіла, што чалавек павінен зарабляць столькі, каб не думаць, як дажыць да заробка. Пенсіянер на сваю пенсію у  250 рублёў не пражыве. І калі сёння пенсіянер, аддаўшы  усё жыццё вытворчасці ці бютжэтнай сферы, не можа заплаціць за камуналку, а ўлады мяркуюць, што яго можна высяліць з жытла, то гэта не сацыяльная дзяржава. Уладзе трэба думаць пра тое, каб людзям хапала грошай і на камуналку, і на іншыя жыццёвыя патрэбы. Вось гэтыя пытанні як раз і не вырашаныя, – пытанні заробку, пытанні коштаў. І я лічу, што з-за гэтага напружанасць у грамадстве ёсць. Яна не кідаецца ў вочы, але прыхаваная, так бы мовіць, закапаная глыбей, яна існуе.

RR: Тады, увесну, улады адрэагавалі не толькі рэпрэсіямі, яны адмянілі дэкрэт №3, які і выклікаў такія пратэсты. Але зараз падрыхтаваны новы варыянт гэтага дэкрату. Як на яго адрэагуе грамадства?

Генадзь Федыніч: Думаю, што калі новы дэкрэт будзе такім, як гаворыць кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Наталля Качанава, то ён будзе праігнараваны большасцю тых, на каго ён, як спадзяцца дзяржава, разлічаны. Чалавек, які зараз працуе ў Расеі і прывозіць сюды грошы, якія застаюцца ў Беларусі, не будзе плаціць 100 адсодкаў, калі яму стане кепска і спатрэбіцца выклікаць „хуткую дапамогу”.  А не дай бог, з-за гэтага здарыцца летальны зыход? Гэта што, па-людску будзе?  Тады давайце рабіць такім чынам, у нас з Расеей няма двайнога падаткаабкладання. І людзі, якія там працуюць, не павінны нават і думаць пра тое, што тут з іх будут патрабаваць поўную плату за медычную дапамогу. Ходзяць чуткі, што такзваным дармаедам трэба будзе плаціць у 5 разоў болей за камуналку, цяпло ў кватэрах. Прабачце, давайце спачатку навядзем парадак у ЖКГ, які абяцаў навесці прэзідэнт, але так і не навёў. Колькі гэта гігакалорыя каштуе і чаму? ЖКГ робіць усе свае разлікі, зыходзячы са сваіх затратаў, а не з таго,  зможа народ заплаціць ці не. Вось калі мы тут парадак навядзем і будзем ведаць дакладна, колькі гэта каштуе, то тады і можна гаварыць аб узроўні платы за камуналку. А пакуль я лічу, што сённяшняя палітыка неразумная і недальнабачная ў дачыненні да свайго народа. Трэба ісці другім шляхам. Трэба даваць працу, даваць працу ў сваёй краіне, каб людзі заставаліся тут, працавалі, дзяцей нараджалі, каб ім было вельмі зручна жыць у нашай краіне. А пакуль я не скажу, што гэта так.

RR: Вось калі людзі сутыкнуцца з гэтымі новымі праблемамі, якія новая рэдакцыя дэкрэту аб дармаедах нясе, то можа быць зноўку выйдуць на вуліцу, таму што публічны пратэст – гэта адзіная магчымасць звярнуць на праблему ўвагу ўладаў.

Генадзь Фядыніч: Улада не далекасяжна працуе. Хаця здаецца, што яна вывучае грамадскае меркаванне. Я ведаю, што адміністрацыя прэзідэнта кожны квартал распаўсюджвае апытальнікі. Там нават вострыя пытанні пастаўлены: ад каго залежыць вашае сённяшняе становішча, хто вінаваты, – ці ўрад, ці прэзідэнт, ці вы самі? Напісана, сфармулявана добра. Але ці захоча кіраўніцтва сумленна пачуць адказы, каб ведаць аб сапраўднай сітуацыі ў рэгіёнах? Сумняюся, інакш бы такія дакументы, як дэкрэт аб дармаедах, не з’яўляліся. Відавочна, што і абноўлены варыянт нічога добрага не прынясе. Мне шкада і паліклінік, і ЖКГ. Яны ж апынуцца крайнімі, калі новы дэкрэт увойдзе ў моц, а яны зусім ні пры чым. Пачнецца такая сварка ў грамадстве, якая можа выйсці з-пад кантроля ўладаў. Таму нельга так з людзьмі паступаць. Калі ўлады хочуць напалохаць людзей, то хай па добраму напалохаюць іх вялікімі заробкамі, вялікімі грашыма!

RR: Толькі праблема, дзе ўзяць вялікія грошы для людзей?

Генадзь Фядыніч: Колькі ўжо гаварыцца аб аптымізацыі. Але яна нейкая дзіўная. Чамусьці, калі ўзяць той жа самы ЖКГ, то там пасля аптымізацыі з 20 дворнікаў стала 13, а начальства колькі было, столькі і засталося. Трэба даваць больш магчымасяў мясцовай уладзе для самастойнага вырашэння  сваіх спецыфічных мясцовых праблемаў. Менш імі кіраваць з цэнтру. Іх увогуле трэба выбіраць, каб яны залежалі ад людзей, якія іх выбіраюць, каб гэта не былі прызначэнцы. Тады і народ паверыць ім… Але пакуль мы бачым, што ўлада чамусьці не хоча, ці не можа зрабіць крокі насустрач свайму народу.

RR: Як вы думаеце, што будзе далей? Ці скончыцца гэта зацішша, што зараз усталявалася? Ці гэта зацішша перад бурай, ці не?

Генадзь Фядыніч: Калі запрацуюць прадпрыемствы на поўную моц, калі будзе там нармальны заробак, то не здарыцца ніякіх хваляванняў. Лакальныя невялікія пратэсты могуць быць, але вялікіх хваляванняў, скажу шчыра, я не чакаю. Але ж калі праблемы з заробкамі не будуць вырашаныя, яны будуць нізкія, калі будзе не хапаць грошай, каб утрымаць сям’ю, калі не будзе хапаць грошай для аплаты паслугаў ЖКГ і з’явяцца вялікія запазычанасці, то негатыў у адносінах улады будзе нарастаць і можна чакаць пары гарачай.  Улада таксама, думаю, гэта ведае. 

Генадзь Фядыніч не выключае, што пратэстная тэмпература ў грамадстве можа пачаць падвышацца ў пачатку новага году. Па яго меркаванню, праблемы ў краіне трэба вырашаць разам, праз перамовы і круглыя сталы. А калі ўлада кіруе без дыялогу з грамадствам, аднаасобна, а ў выніку гэтага жыццё пагаршаецца, то і яе адказнасць павінна быць поўнай. „Калі вы не можаце, то трэба, каб ва ўладу прыйшлі іншыя людзі”, – лічыць Генадзь  Фядыніч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя