У Беластоку праходзіць канферэнцыя „Стан польскай асветы на Усходзе”
У Беларусі польская мова выцясняецца са школ. З абмеркавання гэтай праблемы ў Беластоку пачалася канферэнцыя „Стан польскай асветы на Усходзе”.
У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі з Беларусі, Літвы і Латвіі.
Паводле прысутных прадстаўнікоў арганізацый, якія займаюцца польскай асветай у Беларусі, польская мова выцясняецца з дзяржаўнай сістэмы школьніцтва, адзначыла старшыня Галоўнай рады СПБ Анжаліка Арэхва:
– Сённяшняя канферэнцыя дае нам магчымасць прадставіць тое, як сітуацыя выглядае на сённяшні дзень у нас на Беларусі. Размовы паміж польскім і беларускім урадамі вядуцца, але мусіць быць добрая воля з боку беларускага ўраду. Канстытуцыя Беларусі дазваляе нам, як польскай меншасці, вывучаць польскую мову ў школах, мець свае групы ў садках, але на жаль улады знаходзяць прычыны, каб нам адмовіць.
Сёння на Беларусі польскую мову, як прадмет, вывучае 420 дзяцей. Для параўнання ў 2007 годзе – было 2369, а ўжо ў 2008 годзе – толькі 649 вучняў.
Канферэнцыю арганізаваў Рэгіянальны цэнтр Міжнароднай дыскусіі ў Беластоку і Падляшскае аддзяленне адукацыі.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя