Пётр Парашэнка: Нам не ўдалося вырашыць усе пытанні



Украіне ўдалося ўключыць у выніковую рэзалюцыю саміта „Усходняга партнёрства” пункт аб аб’яднанні Еўрапейскага звяза вакол міратворчай місіі на Данбасе, але пры гэтым не ўсе задачы на саміце Украіне ўдалося выканаць. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка на брыфінгу для журналістаў. Пачуўшы пытанне пра дыпламатычны скандал з Беларуссю, Парашэнка сказаў, што «ёсць некалькі краін з рознымі тэмпамі еўрапейскай інтэграцыі».

– Справа ў тым, што ў рамках “Усходняга партнёрства” ёсць некалькі краін, якія маюць розныя тэмпы еўрапейскай інтэграцыі. І на сённяшні дзень, калі вы пачытаеце дэкларацыю Еўрапейскай народнай партыі, там выразна адзначана месца і роля Расеі. І я не збіраюся ўнікаць гэтага адказу. Ці ўдалося нам рэалізаваць усё, што мы хацелі? Адказ: не.

Калі Пётр Парашэнка пазбег адказу на пытанне аб скандале вакол украінскага журналіста Паўла Шаройкі, то Аляксандр Лукашэнка сёння паведаміў, што абмяркоўваў гэтую справу з прэзідэнтам Украіны і адзначыў, што маскоўскага следу ў гэтай справе шукаць не варта.

Нагадаем, што 17 лістапада стала вядома аб тым, што 25 кастрычніка ў Менску быў затрыманы карэспандэнт «Украінскага радыё» Павел Шаройка, а  дарадцу амбасады Украіны ў Беларусі Ігара Скварцова Менск абвясціў персонай нон-грата. Ён нібыта з’яўляўся супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны і каардынаваў дзейнасць украінскага журналіста Паўла Шаройка.

***

Саміт „Усходняга партнёрства” ў Бруселі падыходзіць да завяршэння. Палітыкі падвядуць вынікі супрацоўніцтва з часу апошняга саміту ў Рызе, і пазначаць перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва да 2020 году. Паведамляе наш карэспандэнт:

– У Бруселі чакаецца прэс-канферэнцыя па выніках саміту краінаў “Усходняга партнёрства” ў памяшканні прэс-цэнтра, дзе ад самай раніцы працуюць сотні журналістаў. Будынак, дзе адбываецца саміт, з усіх бакоў аточаны паліцыяй, прынятыя беспрэцэдэнтныя меры бяспекі для аховы ўдзельнікаў саміту.

Украіне нададзена асаблівая ўвага, што тлумачыцца вайсковымі дзеяннямі на Данбасе. Выступаючы перад удзельнікамі саміту прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што за апошнія суткі ва Украіне было забіта 5 салдат.

 

Беларусь узгадвалася, у прыватнасці, у святле будаўніцтва каля межаў з Еўразвязам атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Азначаліся праблемныя тэмы, якія перашкаджаюць Беларусі на шляху да збліжэння з Еўразвязам.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей анансаваў новыя пагадненні з Еўразвязам. Як чакалася, у Бруселі сёння таксама абмяркоўваліся прыярытэты партнёрства Беларусі з ЕЗ.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Брусель

Фота аўтара