Музей гісторыі Магілёва набыў кнігу Спірыдона Собаля „Апостал” (абноўлена)



Музей гісторыі Магілёва набыў кнігу славутага друкара Спірыдона Собаля “Апостал”. Выданне надрукаванае ў 1632 годзе. Сродкі, а гэта каля 5 тысяч даляраў, былі вылучаныя з гарадскога бюджэту. Прэзентацыя адбылася ў магілёўскай ратушы.

Музей працягне збіраць унікальныя старадрукі, якія маюць дачыненне да горада, а кніга “Апостал” зойме цэнтральнае месца ў адмысловай экспазіцыі, кажа дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

– Гэтая кніга размесціцца ў нашай асноўнай экспазіцыі. У нас ёсць спецыялізаваная вітрына, якая рэпрэзентуе нашую кніжную спадчыну і яна стане ледзь не цэнтральным элементам гэтай экспазіцыі. Менавіта прысвечанай магілёўскай школе кнігадрукавання. У нас ужо сабралося пяць экземпляраў магілёўскай друкарні. Ёсць яшчэ, дарэчы, кнігі, якія таксама выпушаны ў Магілёве, але не ў праваслаўнай друкарні, а пазней, мы іх таксама збіраем. Дарэчы, гэта адзін з самых невядомых і невывучаных сегментаў у нашай традыцыі, у нашай духоўнай спадчыне.

Упершыню кнігу “Апостал” Спірыдон Собаль надрукаваў у Кіеве яшчэ ў 1630 годзе. А праз два гады пабачылі свет перавыданні ўнікальнай рэлігійнай кнігі ў Буйніцкім і Куцеінскім манастырах. Друкавалася кніга на паперы з Дубровенскай паперні.

[Not a valid template]

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёў

Фота аўтара

***

У музеі гісторыі Магілёва вечарам 24 лістапада была прадстаўлена кніга беларускага друкара і пісьменніка Спірыдона Собаля „Апостал”, выдадзеная ў 1632 годзе.

Прадстаўляючы выданне, дырэктар музея Аляксей Бацюкоў адзначыў, што кнігу ўдалося набыць пасля доўгіх пяці гадоў працы і перагавораў. Паводле яго слоў, вялікая роля ў набыцці належыць гарадскім уладам, якія праявілі вельмі чулыя адносіны да гісторыка-культурнай спадчыны. Усе грошы, а гэта каля 5 тысяч долараў, выдзелены з гарадскога бюджэту. Кніга „Апостал” такім чынам стала адзіным выданнем магілёўскага друкара на яго радзіме. У Беларусі экземпляры „Апостала” Собаля ёсць таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук.

„У Магілёве дагэтуль з часоў вайны не было ніводнага экземпляра кніг Спірыдона Собаля. Я думаю, што гэта было справай гонару, каб у Магілёве адна са знакамітых асоб была прадстаўлена сваім творам”, — адзначыў Бацюкоў. Ён адмовіўся называць краіну, дзе была выкуплена кніга, паведаміў толькі, што гэта адна з дзяржаў Еўрасаюза.

Новы экспанат музея быў выдадзены ў 1632 годзе ў Куцеінскім манастыры пад Оршай або ў Буйнічах пад Магілёвам — навукоўцы-даследчыкі пакуль не выключаюць абодва варыянты. Асаблівасцю кнігі з’яўляецца і тое, што на ёй маецца аўтограф дзеяча ўкраінскай культуры Андрэя Шаптыцкага. Кніга, якая цяпер знаходзіцца ў Магілёве, з’яўляецца другім выданнем „Апостала” Собаля і ўяўляе сабой канвалют, у склад якога ўвайшлі частка кнігі, надрукаванай ў Кіеве ў 1630 годее, і лісты, выдадзеныя друкаром пасля ад’езду ў Беларусі.

„Гэта кніга размесціцца ў нашай асноўнай экспазіцыі. У нас ёсць спецыялізаваная вітрына, якая прэзентуе нашу кніжную спадчыну. Яна стане, магчыма, цэнтральным элементам гэтай экспазіцыі, прысвечанай менавіта магілёўскай школе кнігадрукавання. У нас сабралася пяць асобнікаў магілёўскай праваслаўнай друкарні. Ёсць таксама кнігі, выдадзеныя ў Магілёве, але не ў праваслаўнай друкарні”, — сказаў Бацюкоў.

ДАВЕДКА. Спірыдон Собаль (каля 1580—1590, Магілёў — 1645, Мултаны (Румынія) — беларускі друкар, асветнік і літаратар. Заснаваная ім ў 1630 годзе пад Оршай Куцеінская друкарня стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. Упершыню ва ўсходнеславянскім кнігадрукаванні прымяніў гравюру на медзі.

belapan.by