Уладзімір Макей: Мы рухаемся ў бок пагаднення аб супрацоўніцтве з ЕЗ
Беларусь чакае хутчэйшага збліжэння з Еўразвязам. Як заявіў кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, базавае пагадненне аб супрацоўніцтве Менск і Брусель плануюць заключыць пасля заканчэння саміту “Усходняга партнёрства”:
– Я перакананы, што будзе. І перакананы, што будзе раней, чым пазней. Мы з нашымі еўрапейскімі партнёрамі будзем працаваць. Нічога не перашкаджае, будзем рухацца паступова. Я думаю, што мы абавязкова зробім. Трэба рабіць тыя крокі, якія кожны з бакоў павінен зрабіць.
Уладзімір Макей таксама адзначыў важнасць таго, каб вынікі такога партнёрства адчулі шараговыя грамадзяне. Прыярытэты партнёрства паміж бакамі са слоў Макея – будуць вызначаны да 2020 году. Кажучы пра супрацоўніцтва Беларусі і ЕЗ у сферы мабільнасці, міністр адзначыў, што гэта, у першую чаргу, сумесная праца па міграцыі:
– Партнёрства па мабільнасці азначае нашае супрацоўніцтва ў сферы міграцыі. Яно заключана паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам. І мы працуем над далейшай рэалізацыяй гэтага пагаднення. Напэўна, для простага беларуса яно нічога не азначае, таму што гэта больш звязана з тым, якія дамоўленасці мы маем з Еўрапейскім звязам у галіне міграцыі. Каб мы маглі дамаўляцца, як працаваць з тымі нелегальнымі мігрантамі, якія трапляюць ці ў адну, ці ў другую частку нашага рэгіёна, па абодва бакі граніцы.
Нагадаем, што ў цяперашні час супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕЗ рэгулюецца дамовай, якая была заключаны яшчэ ў савецкі час — у 1989 годзе. У 1996 годзе дзеянне пагаднення было прыпыненае. Такое рашэнне прыняў Брусель пасля рэферэндуму ў рэспубліцы, па выніках якога былі ўнесены змены ў Канстытуцыю, у выніку якіх пашырыліся паўнамоцтвы прэзідэнта Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя