Мехрдада Джамшыдзіяна збіраюцца выслаць з краіны на верную смерць



Індывідуальнае паведамленне жонкі іранца Мехрдада Джамшыдзіяна Алены зарэгістравана ў тэрміновым парадку ў Камітэце па правах чалавека ААН. Іранец на дадзены момант ужо амаль 5 месяцаў утрымліваецца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў Менска.  Беларускія ўлады збіраюцца  дэпартаваць яго на радзіму. Там яго чакае крымінальны пераслед за забойства маці і брата. На працягу апошніх двух гадоў Джамшыдзіян затрымліваўся 5 разоў і змяшчаўся ці ў следчыі ізалятар, ці ў цэнтр ізаляцыі, дзе знаходзіўся падоўгу. Двойчы Іран патрабаваў экстрадыцыі і двойчы атрымліваў адмову. Не прадстаўляліся неабходныя дакументы. Зараз беларускія ўлады замяняюць экстрадыцыю высылкай, кажа праваабаронца Раман Кісляк:

– Яго высылаюць у абыход працэдуры экстрадыцыі. І там яго чакаюць катаванні і смяротнае пакаранне паводле судовага працэса, які не адпавядае мінімальным крытэрыям справядлівасці. Беларусь не толькі не павінна караць паводле несправядлівых вырокаў, але і не павінна выдаваць людзей, якія будуць несправядліва пакараныя смерцю ў іншых краінах.

Сітуацыя Джамшыдзяна ў Іране ўскладніцца вераадступніцтвам. Ён з іслама перайшоў у хрысціянства. У  2013 годзе Джамшыдзіян звяртаўся  з хадайніцтвам аб прадстаўленні статуса ўцекача або дадатковай абароны ў Беларусі, але яму было адмоўлена. Скарга Алены Джамшыдзіян уздымае пытанне доўгага ўтрымання пад вартай затрыманых людзей.

Беларускае Радыё Рацыя