Драматычная развязка футбольнага чэмпіянату Беларусі
У заключным туры футбольнага першынства Беларусі вырашаўся лёс усіх медалёў, а таксама, хто зойме 4-е „паўеўракубкавае” месца і хто развітаецца з вышэйшай лігай.
На вылет „віселі” тры калектывы – ФК „Менск”, мазырская „Славія” і сталічныя „Крумкачы”. Менскія каманды сустракаліся якраз паміж сабой і іх задавальняла нічыя. Там доўга і было 1:1. Аднак, тое, што матч не дамоўны, пацвердзіў гол Яраслава Багунова і „Крумкачы” перамаглі 2:1, на аптымістычнай ноце скончыўшы супярэчлівы сезон.
Знакамітая некалі на беларускіх прасторах мазырская „Славія” сама, аднак, нічога не змагла супрацьпаставіць жодзінскаму „Тарпеду”, прайграўшы яму на выездзе 0:2. Мячы Сяргея Шапавала з пенальці і Аляксея Панкаўца прынеслі жодзінцам, аднак, толькі 5-е месца. „Славія” разам з наваполацкім „Нафтанам” пакідае вышэйшую лігу. Чацвёртымі сталі берасцейскія дынамаўцы, якія мінімальна ў гасцях адолелі „Гомель” – 1:0. Мяч на рахунку Аляксея Лягчыліна.
Найбольш сенсацыйна складваўся матч у „Гарадзеі”, дзе мясцовая каманда прымала лідара – барысаўскі БАТЭ. Чэмпіёны краіны першымі забілі – гэта зрабіў на 18-й хвіліне Мірка Іваніч. Аднак затым „айсберг перавярнуўся” – Боян Дубаіч на 24-й хвіліне, Кірыл Паўлючак на 33-й і зноў Дубаіч на 46-й вывелі наперад каманду Сяргея Яромкі. За 14 хвілін да канца сустрэчы Віталь Радзівонаў з пенальці скараціў розніцу да мінімуму. А на апошніх секундах пасля навалу ён жа прынёс БАТЭ выратавальную нічыю 3:3, а з ёй і чарговыя залатыя медалі першынства. Пры роўнасці ачкоў з менскім „Дынамам” – па 68, Барысаў вышэй па асабістых сустрэчах. Гэта ўжо 12-ы чэмпіёнскі тытул БАТЭ запар і 14-ы ў гісторыі.
Гаарадзенскі „Нёман” мог перашкодзіць узняцца на вяршыню ці на другое месца салігорскаму „Шахцёру”. Што яму і ўдалося. На 26-й хвіліне Павел Савіцкі вывеў гарадзенцаў наперад. Пасля перапынку Томіслаў Кіш са штрафнога параўняў лік. На 54-й парадаваў заўзятараў „Нёману” Максім Яблонскі. Пры ліку 2:1 не рэалізаваў пенальці форвард салігорцаў Мікалай Януш. А ў самай канцоўцы Дзмітрый Верхаўцоў дабіў салігорцаў – 3:1 на карысць „Нёмана”. „Шахцёр” застаўся толькі з бронзай.
Менскае „Дынама”, ведамае сёлета сваім рацыяналізмам”, па-чэмпіёнскі правяло апошні паядынак у Віцебску”. Каманда пад кіраваннем Сяргея Гурэнкі не пакінула аніякіх шанцаў віцяблянам. Двойчы забіў украінскі легіянер Дзмітрый Хлёбас, таксама галамі адзначыліся Уладзімір Хвашчынскі і Ніка Галавіч. У канцоўцы гаспадары скарацілі розніцу ў ліку. Канчатковы вынік 4:1 на карысць менчукоў. Але пасляматчаваму расчараванню дынамаўцаў, якія даведаліся канчатковы вынік у Гарадзеі, не было мяжы.
Іншыя, менш важныя матчы заключнага туру, завяршыліся так:
„Дняпро” (Магілёў) – ФК „Слуцк” – 0:0
„Нафтан” (Наваполацк) – „Іслач” – 1:2.
Выніковае размеркаванне па месцах у чэмпіянаце такое:
БАТЭ – 68
2. „Дынама” (Менск) – 68
3. „Шахцёр” – 65
4. „Дынама” (Берасце) – 51
5. „Тарпеда”-БелАЗ – 51
6. „Нёман” – 49
7. ФК „Слуцк” – 44
8. ФК „Віцебск” – 43
9. ФК „Гарадзея” – 38
10. ФК „Гомель” – 35
11. „Іслач” – 27
12. „Дняпро” – 26
13. „Крумкачы” – 25
14. ФК „Менск” – 23
15. „Славія” – 20
16. „Нафтан” – 13
Беларускае Радыё Рацыя