Памёр паэт Алесь Каско



Раніцай 26-га лістапада на 66-м годзе жыцця ў Берасці памёр беларускі паэт Алесь Каско.

Як паведаміў старшыня берасцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Аляхновіч, пахаваюць паэта заўтра, у панядзелак, у Жабінцы. 

Пра выбітнага земляка ўзгадвае беларускі паэт і мастак Лявон Валасюк:

– Я магу сказаць адно, што гэта быў сапраўдны чалвек, выдатны паэт, выдатны грамадзянін сваёй Беларусі і выдатны рэдактар для нашых калег. Канешне яго будзе нам не хапаць.

Алесь Каско нарадзіўся ў Ганцавіцкім раёне. Cкончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педінстытута. Працаваў настаўнікам, потым журналістам жабінскаўскай раённай газеты “Сельская праўда” і рэдактарам на Берасцейскай абласной студыі тэлебачання. З’яўляўся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Літаратурнай працай займаўся з 1968 года. Дэбютаваў вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1970 гоада ў газеце «Чырвоная змена». Аўтар кніг паэзіі «Вестка» (калектыўны зборнік «Нашчадкі», 1979), „Скразная лінія” (1982), „Набліжэнне” (1989), „Час прысутнасці” (1994), „Сорак пяць”(1997) і многіх іншых. У 2001 годзе стаў першым лаўрэатам Мядовай літаратурнай прэміі.

Пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік сказаў: “Я з Алесем Каско сябраваў 40 гадоў. Гэта быў найвыдатнейшы мой сябра і цудоўны, шчыры чалавек. Алесь Каско – адзін з магутных паэтаў Беларусі. Паэт філасофскага складу, які не баяўся заглянуць у нашы душы…”.

Беларускае Радыё Рацыя