Як якуты адрадзілі мову і культуру
Якуцкую мову залічаюць до цюркскіх моваў, але значныя яе адрозненні выключаюць магчымасць узаемаразумення паміж якутамі і іншымі носьбітамі цюркскіх моў. Якуты, як сапраўдныя патрыёты, амаль усе ў час перапісу насельніцтва (нават той невялікі адсотак, хто не валодае якуцкай мовай) назвалі роднай мовай якуцкую. З іх 65% вольна валодаюць і расейскай мовай. Якуцкая мова выкладаецца ў школах і ВНУ.
Існуюць агульнаадукацыйныя ўстановы цалкам на якуцкай мове. Колькасць іх да прыняцця закона ў 2008 г. па здачы АДЭ (адзіны дзяржаўны экзамен) толькі на расейскай мове і пачатку кіравання Пуціна паступова павялічвалася.
Па колькасці вучняў, якія атрымоўваюць поўную сярэднюю адукацыю на нацыянальнай мове ў Расеі якуты маюць самыя высокія паказчыкі – 17% ад усіх школьнікаў. Гэта вышэй, чым у незалежнай Беларусі (згодна Белстату у Беларусі ў 2017 годзе – 13,3%), вышэй, чым у Башкартастане-10,1%, Татарстане – 9,6%, Бураціі – 6,5%, і інш.
У 1994 годзе толькі тры народы Расейскай Федэрацыі дамагліся ад уладаў імперыі выкладання ад першага да 11 класа усіх прадметаў на роднай мове – гэта татары, башкіры, якуты. Рэй сёння вядуць якуты, дзе вучняў на роднай мове на 1000 чалавек вучыцца найбольш, асабліва ў гарадах. Параўнайце з татарамі, пра самабытнасць якіх увесь час гавораць.
Беларусы і ўкраінцы не маюць сваіх нацыянальных рэспублік у РФ у адрозненне ад вышэй згаданых нацыянальнасцяў. Кожны трэці беларус у РФ вольна валодае беларускай мовай. Сярод украінцаў ў РФ вольна валодаюць украінскай мовай 59% ад усіх пражываючых у РФ.
Рэпертуар драматычнага і музычнага тэатраў Сахі прадстаўлены галоўным чынам на якуцкай мове. Існуюць творчыя саюзы кампазітараў, пісьменнікаў. На якуцкай мове выконваюцца музычныя творы самых розных кірункаў – ад народнай да рок-музыкі. Апошнім часам становіцца папулярным і кінематограф розных жанраў на якуцкай мове.
У Рэспубліцы Саха штогод праводзяцца шматлікія мерапрыемствы па папулярызацыі якуцкай мовы. Праводзіцца і інтэрнэт-віктарына “Гэтыя выдатныя людзі” у рамках дэкады, прысвечанай Дню роднай мовы сярод вучняў 5-10 класаў. Мэтай дадзенай алімпіяды з’яўляецца стымуляванне і выяўленне цікавасці па вывучэнні дзяржаўнай і палітычнай дзейнасці заснавальнікаў Якуцкай Аўтаноміі.
І бадай самае важнае – Якуцк стаў якуцкім. Яшчэ ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя там было толькі 2 якуцкія школы, амаль як і ў сталіцы Беларусі – Менску. Але ў свядомых адукаваных сем’ях таткі часам грукалі па стале кулаком і казалі дзеткам “Дома размаўляць толькі па-якуцку!” Гэтыя бацькі, а потым іх дзеці спачатку абераглі горад ад поўнай русіфікацыі, а за пару дзясяткаў гадоў пашырылі якуцкую мову на ўсю сталіцу. На 2017-2018 навучальны год у Якуцку павінна было адкрыцца 168 першых класаў для 4852 вучняў. З іх 1360 дзяцей будуць вучыцца ў класах на якуцкай мове. Гэта каля 30 % ад усіх вучняў. Колькасць вучняў першых класаў на роднай мове плануецца ад колькасці выпускнікоў дашкольных устаноў і прытоку насельніцтва з розных улусаў Якуціі. Для параўнання – у Менску сёння па-беларуску ў незалежнай Беларусі вучыцца толькі 1,8% дзяцей. Мова ў школах Якуцка стала якуцкай. Яна паступова са сталіцы рухаецца ў русіфікаваныя раёны на перыферыю Сахі. Аднаўляюцца якуцкія святы, ва ўніверсітэтах якуцкая філалогія пашыраецца. Якуты ў моўным пытанні прасунуліся за апошнія дзесяцігоддзі больш, чым іншыя нацыянальныя рэгіёны Расейскай Федэрацыі.
Па якуцку беларуская мова гучыць як “нуучча тыла”, а якуцкая мова па-якуцку – “Саха тыла”. Якуцкай мовай сёння валодае людзей больш, чым у гэтай краіне жыве якутаў, бо іншыя часта вымушаны ведаць мову тутэйшага насельніцтва, каб жыць разам з якутамі, займаць адказныя пасады ў кіраўніцтве краіны. Пісьменнікі, настаўнікі папулярызуюць якуцкую мову дзе толькі магчыма, на дзяржаўных сайтах, у СМІ, тэлебачанні, школе. Не ўсё ідзе гладка, але кіраўніцтва Рэспублікі Саха спрыяе якуцкім вучоным і пісьменнікам у новых ініцыятывах па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання якуцкай мовы.
Амаль праз 90 гадоў пасля заканчэння працы Эдуардам Пякарскім над слоўнікам якуцкай мовы ў Менск, для супрацы звярнулася кіраўніцтва якуцкага ўніверсітэту імя Амосава. Ва ўніверсітэце Якуцку шмат гадоў працуе вучэбна-навуковая лабараторыя адаптыўных камп’ютарных тэхналогій, якая не мае аналагаў у Расеі. Дарэчы, у Якуціі даволі паспяхова прадукты IT-сферы прадаюцца на замежным рынку. Беларуская лабараторыя распазнавання і сінтэзу маўлення аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі вядомая таксама некалькі дзесяткаў гадоў за межамі Беларусі. Таму сумесная праца навукоўцаў двух інстытутаў Беларусі і Сахі атрымалася добрай: кампутарны мужчынскі голас “Талбон” і жаночы “Сата” аказаліся вельмі прыемнымі. Сінтэзатар якуцкага маўлення агучвае пісьмовыя тэксты, а праграма “гаворачая галава” перадае на маніторы міміку прамаўляючага чалавека. Таму людзі з парушэннем зроку і парушэннем слыху разумеюць якуцкі тэкст. Структура алгарытмаў і набор рэсурсаў беларускай лабараторыі дазваляюць хутка распрацаваць сінтэзатар маўлення нават рэдкай мовы. Што датычыць беларускай, то супрацоўнікі лабараторыі з вялікім гонарам паказваюць гучанне на сінтэзатары беларускай мовы. Гэта добры памочнік для пачынаючых вучыць беларускую мову і захавальнік чысціні беларускай мовы для будучых пакаленняў.
Алесь Крой, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя