Андрэй Кабякоў удзельнічае ў саміце „16+1” у Будапешце



Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў прыбыў у Будапешт для ўдзелу ў рэгіянальным саміце „16+1”, паведамляе пасольства Беларусі ў Венгрыі.

На парадку дня саміту — эканамічны форум, пленарнае пасяджэнне і шэраг двухбаковых сустрэч.

„16+1” — рэгіянальная ініцыятыва Кітая па актывізацыі супрацоўніцтва з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў галіне інвестыцый, транспарту, фінансаў, навукі, адукацыі і культуры. У формулу „16+1” акрамя Кітая ўключаныя Эстонія, Латвія, Літва, Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Сербія, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Албанія, Македонія.

Першы саміт „16+1” прайшоў у 2012 годзе ў Варшаве. Прэм’ер-міністр Дзяржсавета Кітая Вэнь Цзябаа выступіў з ініцыятывай пад назвай „Дванаццаць мер Кітая для заахвочвання дружалюбнага супрацоўніцтва з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы”.

Затым саміты праводзіліся штогод: у Бухарэсце (2013 год), Бялградзе (2013 года), Сучжоў (2015), Рызе (2016).

belapan.by