Творчая сустрэча з Міхасём Булавацкім у Гародні
У Гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця прайшла сустрэча з перакладчыкам і празаікам з Магілёва Міхасём Булавацкім. На творчы суд гарадзенскай публікі ён прывёз свае дзве кнігі. Адна з іх – пераклады твораў вядомага выканаўцы песень Уладзіміра Высоцкага.
45 вершаў ў перакладзе на беларускую ён удасканальваў цягам пятнаццаці гадоў. Зборнік „Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе” выдадзены ўласным коштам перакладчыка. Пачаў перакладаць Высоцкага Міхась Булавацкі шмат гадоў таму.
– Я яго слухаў і некалькі радкоў вельмі добра леглі на нашу мову. І мне захацелася перакласці ўвесь твор. Гэта было “Паляванне на ваўкоў”. Я пасядзеў, папацеў, нешта зрабіў. Канчатковую рэдакцыю зрабіў наш цудоўны магілёўскі паэт Сяргей Украінка. Баршчэўскі сказаў, што не ведае такога, каб у наш час кнігу рыхтавалі 15 гадоў. Гэта ўнікальны выпадак. Я 15 гадоў над ёй працаваў.
Другую сваю кніжку „Беларус у Беларусі” аўтар напісаў як дакументальны ўспамін пра змаганне за родную мову ў Магілёве. У яе аснову лягло ліставанне з дзяржаўнымі структурамі з патрабаваннямі спыніць дыскрымінацыю беларускай мовы. Яна можа стаць практычным параднікам тым беларусам, якія імкнуцца праз звароты і лісты дамагчыся роўнасці беларускай мовы з пануючай расейшчынай у Беларусі. Кажа аўтар:
– Фактычна гэтай кнігай я хацеў паказаць, што абяцаная рэферэндумам і заключаная ў Канстытуцыі роўнасць дзвюх моў не існуе. Ёсць толькі расейская. А беларуская мова душыцца, гнобіцца. І гэта я на прыкладах паказваю. Тут не толькі пра мову, а таксама пра адукацыю, выбары, пра розныя цікавыя гісторыі.
Апошняя кніжка, кажа аўтар, вельмі папулярная сярод магілёўцаў.
Гэта першая прэзентацыя кніжак Міхася Булавацкага ў Гародні, якому дапамагала кампанія „Будзьма беларусамі”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара