Новы аўтавакзал у Беластоку адкрыецца ўжо праз два тыдні



Яшчэ два тыдні засталіся да афіцыйнай прэзентацыі новага аўтавакзала ў Беластоку. Ужо цяпер падарожныя карыстаюцца новымі прыпынкамі, аднак да адкрыцця галоўнага будынка трэба пачакаць да 11 снежня. Будаўніцтва пачалося ў сакавіку і каштавала 13 мільёнаў злотых. «У новым двухпавярховым аб’екце будуць, між іншым, вялікая зала чакання ды касы,» — кажа дырэктар Дэпартамента інфраструктуры і аховы асяроддзя Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства Лешэк Люлевіч:

У cамім будынку вакзала пасажыры могуць карыстацца білетнымі касамі, якіх будзе чатыры, апроч таго будуць памяшканні двух міжнародных перавозчыкаў. Таксама будзе продаж прэсы і ежы. І камфортныя крэслы, на якіх пасажыры змогуць чакаць.

У сакавіку 2018 года побач з беластоцкім аўтавакзалам адкрыецца таксама гандлёвы цэнтр з паркоўкай на 300 аўтамабіляў. Раней, у пачатку снежня, ў адным з будынкаў комплексу плануецца адкрыццё супермаркета.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя