Лукашэнка правядзе ў Менску перамовы з Назарбаевым



Аляксандр Лукашэнка 29 лістапада правядзе афіцыйныя перамовы з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, які 29—30 лістапада будзе знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, перамовы ў Палацы Незалежнасці запланаваныя ў вузкім і пашыраным складах. Бакі абмяркуюць шырокі спектр пытанняў супрацоўніцтва ў двухбаковым і шматбаковым фарматах. На парадку дня тэматыка пашырэння гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, развіцця прамысловай кааперацыі, транспартна-лагістычнай інфраструктуры і многія іншыя перспектыўныя напрамкі.

Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў таксама возьмуць удзел у працы беларуска-казахстанскага бізнес-форуму.

Нагадаем, на наступны дзень, 30 лістапада, у Менску запланаванае пасяджэнне сесіі Савета калектыўнай бяспекі з удзелам лідараў усіх краін — членаў АДКБ, куды ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.

БелаПАН