Украіна побач з Беларуссю будуе сховішча адпрацаванага ядзернага паліва



У Чарнобыльскай зоне адчужання ад пачатку лістапада вядзецца будаўніцтва сховішча адпрацаванага ядзернага паліва. Аб’ект знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы Беларусі. Паводле планаў украінскага ўрада, у могільніку будуць захоўвацца паліўныя зборкі з украінскіх атамных станцый. Удзельнік руху „Навукоўцы за без’ядзерную Беларусь” Юрый Варонежцаў адзначае, што знаходжанне такога сховішча апрамянёных матэрыялаў падвышае рызыку тэхнагеннай катастрофы ў рэгіёне.

– Любы аб’ект, у якім знаходзяцца радыёактыўныя рэчывы, ці гэта атамная электрастанцыя, ці сховішча, – гэта надзвычайная небяспека для навакольнага асяроддзя, і для людзей. З некалькіх глабальных катастрофаў, якія надарыліся ў свеце – адна з іх адбылася пад Кіштымам, у 1957 годзе, менавіта з-за ўзрыву сховішча адкідаў перапрацоўкі ядзернага паліва, ці дабычы плутонія.

Узвядзенне Цэнтральнага сховішча адпрацаванага паліва пачалося 9 лістапада 2017 года. Кабінет міністраў Украіны выдзеліў 2 зямельных участкі плошчай 50 гектараў. Падрадчыкам выступае амерыканская кампанія Holtec International. Тэрмін захоўвання ядзерных адкідаў – каля 100 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя