Стартавала нацыянальная кампанія супраць гвалту ў сям’і (абноўлена)



 

Кампанія, якая стартавала 28 лістапада, мае назву «Не маўчы! Спыні гвалт у сям’і!». Яна скіраваная да кожнага беларуса, бо, паводле статыстыкі, трое з чатырох беларусаў (і жанчын, і мужчын), за сваё жыццё адчуваюць на сабе гвалт. Пра мэты кампаніі распавядае Ганна Ляўданская, спецыяліст па камунікацыям праекта:

– Асноўная мэта кампаніі – прасоўванне сэрвісу для пацярпелых. Гэта і гарачая лінія, і, зразумела, экстраны выклік міліцыі 102. І другая мэта – фармаванне нулявой талерантнасці грамадства да гвалту ў сям’і. У рамках гэтай кампаніі да нас далучыліся 17 партнёраў, сярод якіх дыпламатычны корпус, прыватны бізнес, грамадскія арганізацыі.

Адметнасцю кампаніі, якая скончыцца ў сакавіку 2018 года, ёсць шчыльны саўдзел дзяржавы. Ва ўсялякім разе, пра намер моцна падтрымаць усе мерапрыемствы выказаліся кіраўнікі і топ-чыноўнікі МУС, МЗС і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

***

Вялікая частка пацярпелых ад гвалту беларускіх жанчын не ідуць да праваахоўнікаў, кажа кіраўнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік.

– Гэта з-за залежнасці жанчыны ў сям’і. Як правіла, гэта псіхалагічная залежнасць, гэта матэрыяльная залежнасць. І гэта асноўная прычына, калі жанчына не звяртаецца ў міліцыю. Гэта не лепшы выхад. Нельга трываць, нельга чакаць, пакуль з’явяцца нейкія наступствы, звяртацца трэба адразу. Гвалт у любых формах трываць нельга. А органы ўнутраных спраў, што б не казалі, вельмі ўважліва рэагуюць на звароты – яны іх фіксуюць і адсочваюць аж да прыняцця рашэння. 

Паводле Рамана Мельніка, зараз у кожным горадзе Беларусі ёсць так званыя крызісныя пакоі – дзе кожнай, пацярпелай ад гвалту, дапамогуць ежай, часовым жытлом і матэрыяльнымі сродкамі.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя