У Берасці гаварылі пра беларускую лацінку
Ці варта выкарыстоўваць лацінку ў паўсядзённым жыцці – такую тэму абмеркавалі ў Берасці некалькі дзясяткаў чалавек. Тут адбыліся чарговыя заняткі ў межах курсаў «Мова нанова». Госцем выступіў мовазнаўца Вінцук Вячорка. Эксперт адзначыў, што тэма лацінкі апынулася актуальнай для памежнага рэгіёна:
– Я ўжо другі раз у Берасці на сустрэчах тых, каму неабыякавая беларуская мова. На курсах «Мова нанова» я прэзентаваў сваю новую кнігу «Не смяшыце мае прыназоўнікі». З задавальненнем пагаварыў на тэму, як высветлілася, актуальную для берасцейцаў: наколькі лацінская пісьмовая традыцыя ўласцівая нам, і якой гэтая лацінка павінна быць. Я вельмі прыемна ўражаны кампетэнтнасцю, зацікаўленасцю і разняволенасцю берасцейскай аўдыторыі.
Наступная сустрэча курсаў «Мова нанова» ў Берасці будзе прысвечана культурніцкай тэме. Яна адбудзецца 5 снежня ў тайм-клубе HIGH VOLTAGE.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце