У Воршы прэзентавалі зборнік паэзіі “Журба адлётных журавоў”
Зборнік паэзіі “Журба адлётных журавоў” быў прэзентаваны ў Воршы адным з яго аўтараў Міколам Камароўскім. Другі аўтар – Мікола Дземідовіч, пакінуў гэты свет.
Складзены ім самім рукапіс кнігі вершаў знайсці не ўдалося, аднак дзякуючы супольным пошукам разам з сынам Дземідовіча, частку вершаў адшукалі і ўклалі ў кнігу. Шляхі двух аўтараў сышліся яшчэ ў школе, распавядае паэт Мікола Камароўскі.
– Мы пачыналі з першага класа. Вучыліся ў адным класе. Дзесяць гадоў разам. Затым пяць гадоў беларускага факультэта філфака. Аршаншчына таксама нас аб’яднала, таму што па накіраванні мы трапілі сюды. На вялікі жаль, той рукапіс, які Мікола збіраў сам, мы не знайшлі. Таму мы з Максімам, яго сынам, што маглі сабралі – па падшыўкаў газет, па розных іншых крыніцах. Але далёка не ўсё ўдалося знайсці.
Таксама ў прэзентацыі зборніка прыняў удзел даўні сябар Міколы Дземідовіча Кастусь Севярынец. Разам з Міколам Камароўскім яны прачыталі на імпрэзе свае вершы.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша
Фота аўтара