Сусветны банк выдзеліў Беларусі яшчэ 14 млн. даляраў на развіццё лясной гаспадаркі



Сусветны банк ухваліў выдзяленне Беларусі дадатковай пазыкі ў 14 млн долараў на развіццё лясной гаспадаркі. Пра гэта заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр Крэмер 27 лістапада ў Менску на сустрэчы ў Міністэрстве лясной гаспадаркі, паведаміла прэс-служба ведамства.

Эксперты Сусветнага банка абмеркавалі ход рэалізацыі праекта „Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь” і магчымасць выдзялення дадатковага фінансавання пад гэты праект.

Крэмер „даў станоўчую ацэнку працы беларускіх спецыялістаў і адзначыў тую важную функцыю, якую выконваюць сёння лясы”. Ён паведаміў, што прынята рашэнне аб выдзяленні дадатковай пазыкі ў 14 млн долараў. „Аднак спецыялістам трэба яшчэ прарабіць нямала працы: падрыхтаваць неабходную дакументацыю, вызначыць сумесна з Мінлясгасам канчатковы тэрмін закрыцця пазыкі”, — заявіў ён.

„Паколькі цяпер нашы крэдытныя рэсурсы абмежаваныя, нам прыйшлося вельмі ўзважана падыходзіць да прыняцця гэтага рашэння. І адным з фактараў на карысць вылучэння дадатковай пазыкі была паспяховая рэалізацыя дзейнага праекта, — адзначыў на сустрэчы кіраўнік прадстаўніцтва. — Другім фактарам на карысць станоўчага рашэння стала імкненне ўсіх арганізацый групы Сусветнага банка аказаць садзейнічанне Рэспубліцы Беларусь у працы па супрацьдзеянні змене клімату”.

У сваю чаргу намеснік міністра лясной гаспадаркі Леанід Дзям’янік падкрэсліў, што ў Беларусі „вельмі ўважліва ставяцца да аднаўлення лясоў, аховы навакольнага асяроддзя і паляпшэння экалогіі ў цэлым”. „Я думаю, што гэтыя сродкі пойдуць на вельмі добрую справу, дадуць добры вынік. Вы ведаеце, што Беларусь лічыцца лёгкімі Еўропы. Усе абавязацельствы, якія мы ўзялі на сябе, мы выканаем ва ўстаноўленыя тэрміны і з належнай якасцю”, — запэўніў Дзям’янік.

Раней Мінлясгас ужо атрымаў ад Сусветнага банка крэдыт у 40,7 млн даляраў ЗША. Гэтыя грошы былі накіраваныя на ўмацаванне лясной аховы, закупку тэхнікі, стварэнне гадавальнікаў з сучаснай тэхналогіяй атрымання пасадачнага матэрыялу. Цяпер у краіне вядзецца будаўніцтва трох такіх цэнтраў: у Берасцейскай, Віцебскай і Менскай абласцях. Дзякуючы падтрымцы Сусветнага банка на працягу найбліжэйшых трох гадоў сучасныя лесанасенныя комплексы з’явяцца і ў іншых абласцях рэспублікі.

belapan.by