Падляшскія самаўрадаўцы супраць змен выбарчага заканадаўства
У Беластоку прайшла сустрэча Саюза вясковых гмін Падляшскага ваяводства, на якой дыскутавалі пра бліжэйшыя выбары ў самакіраванне.
Паводле падляшскіх самаўрадаўцаў вяртаюцца планы абмежаваць колькасць тэрмінаў для войтаў, бурмістраў і прэзідэнтаў гарадоў ужо на бліжэйшых выбарах. Дадаткова зменіцца таксама метад галасавання ў гмінах. Да гэтай пары ў гмінных выбарах былі аднамандатныя акругі.
„Новы праект закона прадугледжвае шматмандатныя, што рэальна будзе паўплываць на вынікі выбараў”,- кажа войт гміны Бельск Падляшскі Раіса Раецка:
— Яны могуць быць так падзеленыя, што, напрыклад, у адной акрузе могуць быць дзве вялікія вёскі і адна маленькая і кандыдат з малой вёскі не будзе мець шансаў нават пару галасоў атрымаць, бо вядома, што трапіць той, хто будзе з вялікай вёскі, за якога будуць галасаваць. Трэба так дзяліць акругі, каб ва ўсіх былі роўныя шансы мець свайго прадстаўніка.
Паводле прыхільнікаў змен заканадаўства, пасля рэформаў выбары будуць больш празрыстыя. Праект новага закона прадугледжвае, што выбары ў гмінах правядуць адмысловыя камісары, а не як гэта было дагэтуль войты, бурмістры ды прэзідэнты.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя