Меркаваная сярэдняя зарплата ў сельскай гаспадарцы ў снежні складзе 700 рублёў
Меркаваная сярэдняя заработная плата ў сельскай гаспадарцы ў снежні 2017 года складзе 700 рублёў, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы, выступаючы 30 лістапада на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.
Ён нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу выйсці да канца года на заробак у 1.000 рублёў, „складзеныя графікі па сферах і ведамствах, аналагічныя графікі складзеныя” і ў сферы сельскай гаспадаркі.
Сярэднямесячная заработная плата за студзень—кастрычнік у сельскай гаспадарцы, паведаміў Русы, склала 556 рублёў, павялічыўшыся на 12% да мінулага года. У кастрычніку сярэдні заробак склаў 590 рублёў.
„За кошт мерапрыемстваў па павышэнні прадукцыйнасці працы сумесна з аптымізацыяй вытворчасці мы мяркуем, што сярэднямесячная заработная плата ў снежні 2017 года чакаецца на ўзроўні 700 рублёў”, — сказаў віцэ-прэм’ер.
Русы таксама паведаміў, што ў 2017 годзе ў параўнанні з мінулым на 35% павялічылася колькасць прадпрыемстваў, якія „істотна дадалі ў зарплаце (ад 500, 600, 700 рублёў і вышэй)”. БелаПАН