Мікалай Аўтуховіч: Салідарнасць можа дапамагчы Данату



Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавядае, чаму важна паставіць подпіс у падтрымку Даната Скакуна.

На платформе petitions.by распачаўся збор подпісаў з патрабаваннем стварыць міжведамасную камісію для комплекснай праверкі працы ўсіх датычных да вынясення абвінаваўчага прысуду Данату Скакуну.

Аўтары петыцыі просяць усіх, у каго ёсць будзь-якія сумневы ў датычнасці Даната Скакуна да гэтай справы, паставіць свой подпіс пад зваротам.

Нагадаем, напад на настаўніцу менскай гімназіі адбыўся ў траўні 2016 года. Жанчына атрымала 17 ран. За замах на яе забойства быў затрыманы гімназіст Данат Скакун. Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе васьмі гадоў выхаваўчай калоніі. Не так даўно Вярхоўны суд пакінуў рашэнне ніжэйшых інстанцый у сіле.

Мікалай Аўтуховіч: Наша мэта – прыцягнуць да тэмы як мага больш людзей. Разумеем, што да ўладаў цяжка дагрукацца, калі справа ідзе аб выкананні закона, бо мы прад’явілі некалькі дзесяткаў фактаў, якія ставілі пад сумненне правільнасць прысуда ў дачыненні да хлопца. Нас не захацелі нават слухаць. Напрыклад, на судзе чалавек казаў адно, а ў пратаколе было запісана іншае. Пра што тады гаварыць? Няма ніякай рэакцыі з боку кантралюючых органаў. Вось мы і стараемся падключыць да праблемы грамадства, каб народ сказаў сваё слова. Зараз толькі масавая салідарнасць можа дапамагчы.

РР: Як Данат пачувае сябе ў калоніі?

Мікалай Аўтуховіч: У яго ўсё добра, не так даўно бацькі ездзілі на спатканне. Данату дазволілі здаць экзамены за 9 клас, і яго адразу залічаць у 10-ы. У дзіцячай калоніі ёсць школа, выкладчыкі, таму будзе вучыцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя