Як жывуць гарадзенцы на вуліцах, дзе няма асфальта?
Прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы “Гародня” сабралі паўсотні подпісаў жыхароў гарадзенскіх вуліц Саўгасная, Чыстая і Навасельскае за тое, каб на там з’явіўся асфальт.
Пра праблемы жыхароў распавядае кіраўнік кампаніі “Гародня” Анатоль Мышкевіч:
– Людзі жывуць літаральна у 5-7 хвілінах язды ад цэнтра горада, а дарога ў іх такая, як у расейскай вёсцы, у нейкай глыбінцы. Людзі ўвесь час скардзяцца на тое, што ўвечары ўвогуле не прайсці, бо няма ніякага асвятлення, дарога ўся разбіта і людзі ўвесь час атрымліваюць нейкія траўмы. Калі зімой становіцца слізка, то язда па такой разбітай, няроўнай дарозе можа скончыцца траўмамі.
На думку грамадскай актывісткі Кацярыны Цыпічавай гэтыя подпісы дапамогуць мясцовым жыхарам вырашыць іх праблемы з дарогамі:
– Звярнуліся жыхары, што дарогі ў іх у не вельмі добрым стане, адсутнічае асфальтавае дарожнае пакрыццё. На ім шмат ям, якія прыводзяць да дробных пашкоджанняў аўтамабіляў, таксама жыхары скардзяцца, што прыходзяць дахаты ў брудзе. У зімовы час, калі мароз, там становіцца небяспечна. Адказныя службы ўсё ж такі прыслухаліся да меркавання большасці людзей, якія жывуць у тым раёне, і зрабілі сваю працу.
Подпісы грамадзян перададзены ў гарадзенскі гарвыканкам і актывісты цягам двух тыдняў атрымаюць адказ адносна таго, што далей будзе з дарогамі на гэтых вуліцах.
Беларускае Радыё рацы, Гародня