У Светлагорскім раёне ў полі знойдзены труп
У Светлагорскім раёне побач з вёскай Высокі Полк у ноч на 27 лістапада ў полі быў знойдзены мёртвы аголены мужчына. Раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку.
Як паведамляе Камітэт судовых экспертыз па Гомельскай вобласці, раніцай 27 лістапада жыхар вёскі Высокі Полк прыкладна за 150 метраў ад свайго дома „заўважыў дзіўны прадмет, які ляжаў сярод поля”. Падышоўшы бліжэй, ён убачыў аголенага мёртвага чалавека. На месца выехала следча-аператыўная група. Мяркуючы па слядах перамяшчэння, мужчына ішоў адзін, у яго была няўпэўненая хада, ён блукаў па полі і неаднаразова падаў. Цела было дастаўлена ў морг. Судовыя медыкі Светлагорскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз прыйшлі да высновы, што прычынай смерці з’явілася пераахаладжэнне.
Следчыя высветлілі, што загінулы — пенсіянер 1949 года нараджэння, жыхар Парычаў Светлагорскага раёна. Пражываў адзін, злоўжываў спіртнымі напоямі. Аператыўнікам стала вядома, што напярэдадні ўвечары мужчыну бачылі ў гарадскім пасёлку моцна п’яным, ён ішоў уздоўж дарогі. Нягледзячы на тое што чалавек слаба арыентаваўся ў прасторы, пастаянна падаў і ствараў пагрозу аўтамабілістам, міліцыю ніхто не выклікаў. Куды ён накіроўваўся, спрабуючы зрэзаць па полі свой шлях, праваахоўнікі пакуль не высветлілі.
„З судова-медыцынскай практыкі вядома, што людзі, асабліва знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення ў асяроддзі з нізкай тэмпературай, праз некаторы час адчуваюць падманнае пачуццё спякоты, пры гэтым яны распранаюцца, і нават бывалі выпадкі, калі акуратна складвалі вопратку побач з сабой”, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз УДКСЭ па Гомельскай вобласці Сяргей Буракоўскі.