Некаторым бюджэтнікам падвысілі заробкі
1 снежня падвышаны тарыфныя стаўкі асобным катэгорыям работнікам бюджэтнай сферы. Такое рашэнне было зацверджана пастановай Савета міністраў №863 ад 20 лістапада.
Падвышэнне закранула работнікаў устаноў сацыяльнага абслугоўвання і культурна-асветных устаноў, паколькі ў адпаведных галінах, як адзначылі ва ўрадзе, «найбольш нізкі памер сярэдняй заработнай платы ў параўнанні з іншымі галінамі бюджэтнай сферы». Пры гэтым падвышэнне ўсталёўваецца толькі тым работнікам, хто працуе па асноўным родзе дзейнасці ўстаноў.
Змяніўся і дыяпазон карэкціруючых каэфіцыентаў, што прымяняюцца да акладаў работнікаў. Гэтая мера дазволіла падвысіць узровень аплаты працы работнікаў, якія тарыфікуюцца 1-17-м разрадамі. Пры гэтым у большым памеры зарплаты выраслі ў нізкааплатных катэгорый работнікаў, якія тарыфікуюцца з 1-га па 4-ты разрады.
Такім чынам, памеры тарыфных акладаў у сацработнікаў і работнікаў культуры павялічыліся ад 15% да 25%. У цэлым жа, як лічаць ва ўрадзе, прынятыя меры дадуць магчымасць падвысіць узровень зарплаты ў сярэднім на 7,1%, а таксама забяспечыць яе рост і захаванне дыферэнцыяцыі ў аплаце працы.
Як сведчаць апошнія дадзеныя Белстата, у бюджэтных арганізацыях рэальная заработная плата ў студзені-кастрычніку 2017 года, у параўнанні з адпаведным перыядам 2016 года павялічылася на 2,2%, у кастрычніку 2017 года ў параўнанні з вераснем 2017 года паменшылася на 0,6%.
Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў студзені-кастрычніку 2017 года склала 601,5 рубля, у кастрычніку – 639,5 рубля, што на 3,5 рубля, або на 0,6%, больш, чым у верасні 2017 года.
Зарплата бюджэтнікаў у 1,3 разы менш, чым сярэдняя па краіне, піша БелаПАН.