Уплыў МУС будзе расці, але Міністрам абароны застанецца вайсковец



Скандал са станам законнасці ў армейскіх шэрагах і зніжэнне боязі вонкавай ваеннай агрэсіі негатыўна адаб’ецца на апаратным уплыве кіраўніцтва Мінабароны. Адначасова з-за эканамічнага крызісу на першае месца выходзяць пытанні ўнутранай бяспекі.

Парушэнне законнасці ў некаторых вайсковых частках стала ударам асабіста для Аляксандра Лукашэнкі. І падарвала ягоны давер да кіраўніцтва Мінабароны. 20 лістапада падчас сустрэчы з ізноў прызначанымі кіраўнікамі структурных падраздзяленняў сістэмы МУС і Узброеных Сіл, беларускі правіцель жорстка выказаўся на адрас Міністра абароны Андрэя Раўкова. Назваўшы смерць радавога тэрміновай службы Аляксандра Коржыча іміджавай катастрофай для войска, ён абвінаваціў кіраўніка абароннага ведамства ў аслабленым кантролі за сітуацыяй у войсках і ў закасцянеласці. Пры гэтым стала відавочным, што Міністр Раўкоў згубіў давер А. Лукашэнкі. А вось МУС наадварот.

У якасці пазітыўнай альтэрнатывы для Мінабароны А. Лукашэнка паставіў у прыклад МУС. Даручыўшы перанесці вопыт міліцэйскага ведамства па працы з вайскоўцамі тэрміновай службы на войска. І даў зразумець неабходнасць рэфармавання службы па прызыву. У прыватнасці, А. Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць не забіраць у войска адзінага сына ў сям’і. Праўда, з улікам нашай дэмаграфіі, у такім выпадку не адзіным сынам прыйдзецца служыць гадоў 10, як у Паўночнай Карэі. За сябе і за таго хлопца.

Адначасова беларускі кіраўнік заявіў пра неабходнасць жорсткага рэагавання міліцыі на любыя спробы дэстабілізацыі сітуацыі ўнутры краіны і арганізацыю беспарадкаў. Намякнуўшы, што ў гэтым могуць быць зацікаўлены знешнія сілы. Відавочна, Лукашэнка да гэтага часу не можа забыцца на антытуніяцкія пратэсты ў Беларусі на пачатку бягучага года.

Можна канстатаваць, што давер да кіраўніцтва Мінабароны з боку А. Лукашэнкі ў значнай ступені падарваны. А гэты давер – адзіны рэсурс і паказчык апаратнай вагі і ўплыву ў Беларусі. Беларускае палітычнае кіраўніцтва больш не баіцца знешняй ваеннай пагрозы. На фоне сацыяльна-эканамічнага крызісу, беларускі кіраўнік разглядае ўнутраныя пагрозы бяспекі ў якасці асноўных. Пры гэтым кіраўніцтву МУС атрымоўваецца дэманстраваць пазітыўную дынаміку сваёй дзейнасці. Што стварае перадумовы для росту ўплыву Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. І ставіць пад сумнеў найбольш фінансава-затратныя планы Мінабароны – напрыклад, закупку новых цяжкіх знішчальнікаў расейскай вытворчасці Су-30СМ і масавую мадэрнізацыю танкаў да ўзроўню Т-72Б3. У Менску ўжо распаўсюджваюцца чуткі, што А. Раўкова могуць адправіць у адстаўку. А на месца кіраўніка абароннага ведамства паставяць І. Шуневіча. Праўда, гэта сумніўная версія. Становішча А. Раўкова вельмі хісткае, што параўда, і яшчэ адзін скандал ў войску будзе каштаваць яму міністэрскага фатэля. Але А. Лукашэнка занадта кансерватыўны, каб так радыкальна мяняць кадравую палітыку і ставіць на чале Мінабароны выхадца з іншага сілавога ведамства. Акрамя таго, такая перастаноўка можа быць негатыўна ўспрынята генералітэтам: сярод вайсковых генералаў хапае тых, хто і сам ня супраць перасесці ў міністэрскі фатэль.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ