“Белтэлекам” прызнаў сваю віну ў праблемах з доступам да Google



Кампанія „Белтэлекам” прызнала, што перыядычныя праблемы з доступам да пошукавікаў Google і „Яндэкс” звязаныя з тым, што беларускі правайдар актыўна ўкараняе тэхналогію NAT, інфармуе onliner.by.

Гэтая тэхналогія па-новаму размяркоўвае IP-адрасы: пры выхадзе ў сеціва карыстальнік атрымлівае яго з унутранай адраснай прасторы, а не з вонкавай, як раней.

Раней кіраўніцтва „Белтэлекама” неаднаразова падкрэслівала, што праблема з доступам да пошукавікаў не мае ніякага дачынення да NAT і не тлумачыцца беларускімі прычынамі. На думку кампаніі, ва ўсім „вінаватая” толькі палітыка бяспекі Google у дачыненні да спам-рассылак.

Аднак у часопісе „Веснiк сувязi” намеснік генеральнага дырэктара „Белтэлекама” па тэхнічных пытаннях паведаміў, што аператары перадачы даных у Беларусі сутыкнуліся з канчатковым вычарпаннем нацыянальнага пула IP-адрасоў.

„Адным з найбольш прыкметных вынікаў гэтага дэфіцыту стала масавая блакіроўка абанентаў перадачы даных з боку буйных пастаўшчыкоў кантэнту, у прыватнасці Google і „Яндэкс”, – заявіў спецыяліст.