Краіна цудаў
Беларусь – гэта насамрэч terra incognita, фішка для замежных турыстаў! Можна ладзіць экскурсіі, распавядаючы пра недарэчнасці нашага жыцця і ўключаючы пачуццё гумару ды аптымізм замежнікаў, бо… Яны тут праездам, вядома, а мы… Мы ж застаемся жыць тут.
І такое адчуванне, што застаюцца тут жыць людзі з жалезнымі нервамі і моцным пачуццём гумару. Да таго ж яно так моцна прыхавана, што адразу не знойдзеш. Затое не скрадуць – проста партызанскае пачуццё гумару!
Пачнем з крымінальнай хронікі. Справу “Белага легіёна” ў Беларусі як адкрылі, так і закрылі – ні з пушчы ні з лесу. Нечакана. Былі “тэрарысты” – няма тэрарыстаў. Пэўна, пераключыліся на таго злодзея, што ў Магілёве хацеў касу “ўзяць”? Усё магчыма.
Потым можна зірнуць на жыццё ў вёсцы. Аграгарадкі, пабудаваныя па адным шаблоне, сыходзяць з парадку дня. Цяпер у трэндзе “вёска будучыні”, пра якія распавёў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. Вызначаны населеныя пункты, якія будуць удзельнічаць у праграме. Пачнуць з пілотных праектаў, але юрыдычны статус зацвердзяць ужо ў 2018 годзе.
У той самы час мы не можам спыніцца на рамонце аграгарадкоў, не! Пры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі створаны Навукова-даследчы цэнтр па пытаннях мадэрнізацыі ЖКГ. Цяпер нашы камунальнікі будуць скарыстоўваць навуковы падыход у пытаннях вывазу смецця і ва ўсемагчымых капітальных (і не вельмі!) рамонтных працах. Адно з першых заданняў – праца ліфтаў (іх параметры, надзейнасць ды энергазатратнасць) у жылых дамах). Ці будзе ў вашым доме ліфт працаваць – справа адна! Чаму не будзе? Адказ павінен быць навукова абгрунтаваным ды ўзважаным.
Ці хопіць грошай на пошук новых тэрарыстаў, пабудову вёсак будучыні і рамонт гарадскога жылога фонду, застаецца пад пытаннем. Па версіі нямецкай даследчай кампаніі GfK Беларусь на роўні з Малдовай ды Украінай увайшла ў спіс трох еўрапейскіх краінаў з самымі нізкімі прыбыткамі насельніцтва.
Выснова? Нас уратуе да лепшых часоў толькі пачуццё гумару! А турыстаў – моўны бар’ер!